Завяршыўся Міжнародны фестываль камернай музыкі ў Мядзельскім раёне

10 августа 2018

"У Шэметаве з Шастаковічамі". У Мядзельскім раёне завяршыўся ІІІ Міжнародны фестываль камернай музыкі, прысвечаны сусветна вядомаму кампазітару Дзмітрыю Шастаковічу. Заключны канцэрт з удзелам беларускіх музыкантаў і салістаў Парыжскай оперы прайшоў у касцёле. Пра музычнае свята і беларускія карані кампазітара - Ларыса Гулякевіч.

Музыка Дзмітрыя Шастаковіча, Пергалезі, Вівальдзі... у Шэметаўскім касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Закрыццё Міжнароднага фестывалю класічнай музыкі, прысвечанага аднаму з самых выконваемых у свеце кампазітараў ХХ стагоддзя - Дзмітрыю Шастаковічу.

15 сімфоній, 6 канцэртаў, 3 оперы, 3 балеты, шматлікія творы камернай музыкі, музыкі для кінафільмаў і тэатральных пастановак. Менавіта ў Беларусі на Мядзельшчыне было вырашана праводзіць фестываль, прысвечаны Дзмітрыю Шастаковічу. Зусім нядаўна адкрыліся дакументы, якія пацвярджаюць беларускае паходжанне па бацькоўскай лініі вялікага кампазітара.

Яшчэ ў 15 стагоддзі згадваецца адзін з найстарэйшых маёнткаў Беларусі пад назвай Шэметава, уладальнікамі якога былі магнаты Шэметы. 3 км адгэтуль і нарадзіўся прадзед вялікага кампазітара Рэтр Міхайлавіч Шастаковіч у 1808 годзе. Такім чынам гісторыя гэтага месца звязвае нас з музычным геніем 20 стагоддзя Дзмітрыем Шастаковічам. А недалёка ў вёсцы Калодна і сёння жывуць носьбіты гэтага прозвішча.

Фестываль сёлета адкрываўся ў пасёлку Нарач. У канцэртнай праграме "Шастаковіч і італьянская музыка 18 стагоддзя" прымалі ўдзел як беларускія, так і вядучыя музыканты з Францыі. А на закрыццё ў Шэметава прыехалі салісты Парыжскай оперы: Соф'я Пятровіч, родам з Сербіі, і балгарка Даніела Енчава.

Ідэя арганізацыі фестывалю Шастаковіча ў Шэметаве належыць беларускаму музыканту, опернаму артысту Аркадзю Валадасю. Ён жыве ў Францыі і прыцягвае да ўдзелу ў фестывалі не толькі музыкантаў з Еўропы, але і нашчадкаў Дзмітрыя Шастаковіча.

У рамках тыднёвага фэсту прайшлі чатыры канцэрты, а завяршэнне адбылося на малой радзіме Шастаковічаў, у Шэметаве, у дзень смерці вялікага кампазітара.