Завершаны прыём заявак на "Залатую літару"

16 апреля 2015

Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь завяршыла прыём заявак на Нацыянальны конкурс друкаваных СМІ "Залатая літара". Сёлета арганізатары адзначаюць небывалую актыўнасць удзельнікаў і высокі ўзровень дасланых прац. Так, заяўкі паступілі ад 150 рэдакцый і аўтараў, а гэта больш за 50 прац ад рэгіянальных выданняў, а таксама праекты ад вядучых газет рэспубліканскага значэння. Усяго ў конкурсе "Залатая літара" - 24 намінацыі. Сярод іх - абноўленая "Дэбют". У ёй адзначаць яркіх аўтараў-пачаткоўцаў і новыя выданні. Гран-пры сёлета, прысвечаны 70-годдзю Перамогі, падзеляць на дзве намінацыі: "Лепшы творчы праект года раённых, гарадскіх, шматтыражных друкаваных СМІ", а таксама "Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў".

Уладзімір Матусевіч, намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь:

"Таксама па рашэнні аргкамітэта ўведзена новая намінацыя – "Лепшая аўтарская калонка ці блог СМІ і інфармагенцтваў". Сёння друкаваныя СМІ ў Інтэрнэце маюць вялікія перспектывы, бо ёсць цікавыя аўтарскія матэрыялы, якія могуць прыцягнуць праз віртуальную Сетку да газеты ці часопіса вялікую ўвагу карыстальнікаў".

Свае вынікі "Залатая літара" падвядзе ў маі ў рамках штогадовай міжнароднай выставы "СМІ ў Беларусі". Да свайго прафесійнага свята лепшых журналістаў друкаваных СМІ і работнікаў сферы друку адзначаць высокімі ўзнагародамі - дыпломамі і памятнымі знакамі.