Белтэлерадыёкампанія завяршае прыём заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры на конкурс "Еўрабачанне-2019"

30 января 2019

Крыху больш за суткі застаецца ў ахвотнікаў паспрабаваць удачу на "Еўрабачанні-2019".

Заўтра Белтэлерадыёкампанія завяршае прыём заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры на конкурс. Упершыню сёлета анкеты прымаюцца выключна ў электронным выглядзе. Запоўніць фармуляр можна на сайце медыяхолдынга tvr.by. Да гэтай хвіліны паступіла 62 заяўкі. Паўдзельнічаць у адборы выказалі жаданне не толькі беларускія, але і замежныя музыканты, а таксама зоркі папярэдніх адбораў - Napoli, Alen Hit, група "PROвакацыя" і Анжаліка Пушнова.

Святлана Смалонская-Краскоўская, кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі:

"Заўтра ў 24:00 акно для падачы сваёй заяўкі на сайце Белтэлерадыёкампаніі зачыніцца. Ужо 4 лютага ў нашай "600-й студыі" прафесійная фокус-група, сфарміраваная Белтэлерадыёкампаніяй і нашым суарганізатарам - Міністэрствам культуры, простай большасцю галасоў вызначыць дзясятку фіналістаў. У адпаведнасці з нашым палажэннем, колькасць фіналістаў можа быць большай або меншай за 10".

Пераможца гала-канцэрта адправіцца на "Еўрабачанне", якое пройдзе ў Тэль-Авіве ў некалькі этапаў. Два паўфіналы 14 і 16 мая, фінал - 18-га. Па выніках жараб'ёўкі беларускі прадстаўнік выйдзе на сцэну ў першай частцы першага паўфіналу. Трансляцыю шоу па традыцыі будзе весці Белтэлерадыёкампанія як адзіны прадстаўнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза ў нашай краіне.