Заслужаны архітэктар Беларусі адзначае юбілей

1 июля 2014

У 36 ён стаў лаўрэатам Ленінскай прэміі Савецкага Саюза. Сярод яго настаўнікаў - стваральнік варот Мінска на Прывакзальнай плошчы і аўтар Мамаева кургана ў Валгаградзе. Дарэчы, Ленінскую прэмію ён атрымліваў у адзін дзень са сваім педагогам. Юрый Градаў - адзін з аўтараў мемарыяла Хатынь. Першы галоўны мастак Мінска адзначае юбілей. Яму 80.



Алена Борматава прагулялася з архітэктарам па горадзе, які ён ствараў.


Без яго немагчыма ўявіць аблічча сучаснага Мінска. У 60-м Юрый Градаў пасля двух гадоў працы ў Кіргізіі прыязджае ў Беларусь. Выпускнік Маскоўскага архітэктурнага інстытута пачынае далучацца да праектаў па адраджэнні пасляваеннай сталіцы.


А затым была праца над выставачным комплексам на вуліцы Янкі Купалы. Першая сумесная з Левіным. Гэты саюз, вядома ж, праславіцца Хатынню. Але ўжо ў 60-х шкло з алюмініевымі профілямі (дастаткова смелае рашэнне) архітэктурная супольнасць прыняла не адразу. Аўтараў абвінавацілі ў нерацыянальным расходаванні электраэнергіі на абаграванне шклянога куба.


Помнік не дзякуючы, а насуперак. Праект скульптурнай кампазіцыі першаму народнаму паэту Беларусі Янку Купалу быў іншым. Але замест паліраванага граніту прыйшоў неапрацаваны камень. І архітэктары проста выратавалі сітуацыю. У выніку атрымаўся пастамент з неапрацаваных блокаў.



Свая гісторыя і ў скульптурнай кампазіцыі на плошчы Якуба Коласа. Для таго каб схаваць транспартны паток, архітэктары мянялі прыродны рэльеф. Насыпам прыўзнімалі плошчу. І пасадзілі гай. Дубы прывозілі з радзімы Пясняра, са Стаўбцоўшчыны.


Станцыя метро Плошча Леніна. Адзіная на першай лініі, выкананая па індывідуальным, а не па тыпавым праекце. Градаў з Левіным абышлі маскоўскіх архітэктараў і выйгралі конкурс.


А ў 36 Градаў у складзе аўтарскага калектыву атрымлівае Ленінскую прэмію Савецкага Саюза. За мемарыяльны ансамбль Хатынь. Да іх прымяняць званы ў атэістычнай дзяржаве не рашаўся ніхто. І замест традыцыйнага вобразу маці з дзіцем - мужчына з сынам на руках. Мемарыял спаленай вёскі стаў сусветна вядомым трагічным сімвалам вайны. За 45 гадоў яго наведалі больш чым 35 мільёнаў чалавек. Пра гісторыю стварэння Хатыні глядзіце наш спецыяльны рэпартаж. Заўтра ў 19:20 у эфіры Беларусь 1.