Заслаўе прымае традыцыйны музычны фестываль

17 января 2020
Свята музыкі сёння прымае старажытнае Заслаўе. У праграме - конкурс юных піяністаў, майстар-класы і канцэрты з удзелам зорак беларускай эстрады і мастацкіх калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. 

У Заслаўі знаходзіцца наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч і сочыць за падзеямі фестывальнага дня. 

Заслаўе прымае 20-ы раз традыцыйны музычны фэст. Зараз пачалася прэс-канферэнцыя, дзе маэстра Міхаіл Фінберг са сваімі калегамі падводзіць творчыя вынікі. Само свята пачалося раніцай з конкурсу юных піяністаў, якія прыехалі сюды з ўсёй Мінскай вобласці. Трэба дадаць, што маленькія музыканты, якім ад 8 да 15 гадоў, выконвалі толькі творы беларускіх кампазітараў. Як сучасных, так і класікаў.

Сёння юныя піяністы хваляваліся. Абласны конкурс "Заслаўскі сшытак" сярод навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў па класе фартэпіяна праводзіцца раз на тры гады. У мінулым спаборнічалі струннікі, а ў будучым сваё майстэрства і музычны ўзровень пакажуць выканаўцы на духавых інструментах. 

Праграма музычнага фэста насычаная: канцэрт і майстар-клас з удзелам творчых калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.

20-годдзе заслаўскага фестывалю - не адзіны юбілей, які сёлета адзначаюць у музычнай школе мастацтваў.

Атмасферу свята дапоўніла выстава карцін вядомай мастачкі Ганны Сілівончык.

Завершыць праграму юбілейнага фэста ў Заслаўі музычны падарунак - канцэрт з удзелам беларускіх зорак эстрады.