Заслаўе рыхтуецца стаць літаратурнай сталіцай

20 августа 2014
У першую нядзелю верасня горад знакамітай князёўны Рагнеды стане пляцоўкай для святкавання 21 дня беларускага пісьменства. Будаўнікі ўжо заканчваюць работы на старых і новых аб'ектах, адкрыццё якіх адбудзецца падчас свята. Пазнаёміцца з гісторыяй аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі бліжэй яго наведвальнікі змогуць і дзякуючы новаму турыстычнаму маршруту.

Якім горад убачаць госці свята - высвятляла Наталля Кузьміцкая.

Амаль 15 кіламетраў адрамантаваных дарог, новы дзіцячы парк з штучным возерам, амфітэатр, нават зноўку пафарбаваныя клумбы ў горадзе Ізяслава-кніжніка - у Заслаўі не знайсці месца, якое б не закранула падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства.
Новае жыццё атрымалі не толькі грамадска-сацыяльныя, але і гістарычныя аб'екты.

Адна з самых старажытных і знакамітых славутасцяў горада Спаса-Праабражэнская царква 16 стагоддзя набыла парадны выгляд. Разам з іншымі гісторыка-культурнымі помнікамі яна стварае новы турыстычны маршрут.

Дарэчы, змены закранулі не толькі горад, але і творчую праграму агульнанацыянальнага свята роднага слова.

Дзень беларускага пісьменства традыцыйна праводзіцца ў першую нядзелю верасня, аднак сёлета мясцовыя ўлады разлічваюць арганізаваць пазнавальную і забаўляльную праграму на працягу двух дзён - 6 і 7 верасня.

Урачыстае адкрыццё запланавана на вечар. Горад будзе здзіўляць яркімі фарбамі, феерверкамі і лазарным шоу. Святочнае дзеянне разгорнецца адначасова на некалькіх пляцоўках. Гасцей мерапрыемства запросяць у літаратурныя і музычныя майстэрні, на прэзентацыі СМІ і выдавецтваў. Цікавую выставу падрыхтаваў і галоўны музей горада Заслаўе, яе тэматыка - сюрприз для кнігалюбаў.