Замак Міндоўга і Сярэдзіна лета ў тэкстылі!

21 октября 2013

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва прапануе выставу з беларускім густам ад мастачкі Маргарыты Шчамялёвай. 15 габеленаў у тэхніцы ручнога ткацтва аб'ядналі ў экспазіцыю. Акрамя візуальных прац, дэманструюць работы майстра і ў лічбавым фармаце. Дарэчы, каб выткаць адну такую карціну, патрэбны тры месяцы. Кожная работа мае ўласную гісторыю і своеасаблівы эксперымент з фактурай, матэрыялам і формай.



Маргарыта Шчамялёва, аўтар выставы Колер - 2013: Тэхналогію я падгледзела ў беларускай пасцілцы і рукамі, без станка, на звычайнай раме спрабавала стварыць гэты вобраз.



Ларыса Фінкельштэйн, мастацтвазнавец: Вазьміце вось гэтую старую архітэктуру, якое ў ёй сучаснае адчуванне далікатнасці і вечнасці, манументальнасці і дзіўнай камернасці. Яна ўсё ўкладае ў такую плоскасць, такую гладкасць, быццам гэта пэндзлем напісана.




Ганна Цімашэнка, стыліст: Адчуваецца нейкі пачатак, які стварае, а не руйнуе. Пры гэтым усе працы вытрыманыя ў адной канцэпцыі, у адным стылі, і вельмі прыемныя для любога гледача.




У сваіх працах аўтар спалучае традыцыі народнага і сучаснага ткацтва. Выкарыстоўвае воўну, люрэкс і акрыл. Выстава працуе да 3 лістапада.