Закрыццё "Славянскага базару" - не прапусціце ўвечар на "Беларусь 1"

13 июля 2015

Фінал галоўнай музычнай падзеі лета. У Віцебску сёння - урачыстае закрыццё 24-га "Славянскага базару". Падчас грандыёзнага шоу назавуць пераможцаў дзіцячага і дарослага вакальных конкурсаў. І па традыцыі, гледачоў чакае парад зорак эстрады. Прамая трансляцыя пачнецца ў 10 вечара на "Беларусь 1". Падрабязней аб лідарах конкурсу раскажа Іна Пілевіч.

Час пакаваць чамаданы, а артысты працягваюць прыбываць на “Славянскі базар”. Канцэртамі горад на Заходняй Дзвіне будзе жыць нават пасля цырымоніі закрыцця форуму мастацтваў - ажно да серады. Фестывальныя бэйджы сёлета атрымалі амаль чатыры з паловай тысячы чалавек.

Паміж канцэртамі і прэс-канферэнцыямі – у графіку бамонда экскурсіі і “кантрольныя закупкі”. Модную студыю віцебскага дызайнера Таццяны Сычовай даўно аблюбавала ці не палова постсавецкага шоу-бізнэсу. Штогод у беларускага куцюр’е абнаўляюць гардэроб Лорак, Бабкіна, Пахмутава, Спірыдовіч. З дня на дзень тут чакаюць Ваенгу.

Фестываліць Віцебск пачынае а 11 гадзіне і заканчвае глыбокай ноччу. Даўжэй за ўсіх трымаў публіку Сяргей Жукаў – сёлетні рэкардсмен Славянкі даваў сольнік да 5-й гадзіны раніцы.

На карце “Славянскага базару” - 21 аб’ект. Прычым, каб дабрацца з аднаго пункта ў другі, не абавязкова карыстацца транспартам. Ад галоўнай пляцоўкі можна хутка дайсці да драматычнага тэатра праз святочны кірмаш.

Напярэдані бліжэй да паўначы над Віцебскам узышлі новыя вакальныя зоркі. Спявак з Казахстана на 4 балы абышоў беларуску ў конкурсе эстраднай песні.

І хаця ўладальніка Гран-пры назавуць толькі ўвечары – лідары галасавання ўжо раздаюць трыўмафльныя інтэрв’ю.

А вось адзнакі журы дзіцячага конкурса – засакрэчаны. Усе падлікі – у папцы старшыні журы Дзмітрыя Малікава. Імёны пераможцаў агучаць толькі а 17 гадзіне. Сярод прэтэндэнтаў адразу два беларускія голасы.

Падчас цырымоніі закрыцця фестывалю на сцэну Летняга амфітэатра выйдуць Валерыя, Дзмітрый Малікаў, Любоў Казарноўская. У тых, хто не набыў білеты, ёсць магчымасць ацаніць канцэрт з экрана тэлевізараў. Прамая трансляцыя стартуе а 22 гадзіне на тэлеканале “Беларусь 1”.