За нашага дэлегата на "Еўрабачанні" хварэлі меламаны ва ўсім свеце

13 мая 2016

За нашага дэлегата хварэлі меламаны ва ўсім свеце і, вядома ж, сябры і калегі ў Мінску.

Разам з зоркамі і прыхільнікамі за Айвана хвалявалася і Іна Пілевіч. У мінулым канкурэнты, але ў гэты вечар - група падтрымкі. Некалі сапернікі Айвана ў нацыянальным адборы на "Еўрабачанне" сабраліся ў караоке пахварэць за нашага прадстаўніка на конкурсе. Прагляд шоу ператварылі ў сапраўдную вечарынку, якая пачалася яшчэ за 2 гадзіны да трансляцыі шоу.

Паводле правіл конкурсу, ні адна з краін не можа галасаваць сама за сябе. Таму беларускія артысты вырашылі падтрымаць нашага прадстаўніка песняй. 11 зорак нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" выступаюць з надзеяй, што Айван адчуе пажаданні поспеху нават за 1000 кіламетраў ад дому. А менавіта такая адлегласць паміж Мінскам і конкурснай сталіцай Стакгольмам.

Для еўрафанаў Тэа выканаў "Чызкейк", а "Мілкі" - свой хіт пра беларускі акцэнт. Арганізаваў вечарынку "12 балаў" міжнародны клуб прыхільнікаў "Еўрабачання", які аб'ядноўвае фанатаў конкурсу больш як з 40 краін.

IVAN выйшаў на сцэну шведскай Globe Arena пятым. Нумар нашага прадстаўніка стаў адным з самых тэхнічна складаных у гісторыі конкурсу. Беларусь першай на "Еўрабачанні" выкарыстала галаграмы. Хоць падчас выканання кампазіцыі "Help you fly" Айван быў на сцэне адзін, у гледачоў складалася адчуванне, што вакаліст выступае з ваўкамі і сваімі двайнікамі.

Па выніках галасавання Айван не апынуўся сярод фіналістаў. З 18 удзельнікаў гледачы і журы падарылі білет на выніковы канцэрт Літве, Грузіі, Балгарыі, Аўстраліі, Украіне, Сербіі, Польшчы, Ізраілю, Латвіі і Бельгіі. Новы хіт і сталіцу "Еўрабачання 2017" кантынент выбера ў гэтую суботу.