Юзары і Маймуна сёння правялі першую рэпетыцыю на галоўнай сцэне "Еўрабачання"

12 мая 2015

Нашы артысты выпрабавалі самую вялікую канцэртную залу Вены "Вінер Штадхале". Разам з бэк-вакалістамі яны наладзілі свае мікрафоны і пратэстыравалі спецэфекты. 

Як будзе выглядаць нумар Беларусі на грандыёзным шоу - раскажа наш спецыяльны карэспандэнт у Вене Яўген Перлін.

Рэпетыцыя Юзары і Маймуны была запланаваная на 15:00 па Мінску. Але спецыяльны аўтобус прыехаў па артыстаў раніцай. Перад выхадам на сцэну трэба было падрыхтаваць уборы і зрабіць мэйк-ап. Упершыню на "Еўрабачанні" абсалютна ўсе рэпетыцыі павінны праходзіць у канцэртных касцюмах.

Юзары і Маймуна рэпеціравалі ў пустой арэне - унутры прысутнічалі толькі члены нашай дэлегацыі. Як правіла, гук змяняецца, калі зала напаўняецца гледачамі. А ў аўторак падчас першага паўфіналу іх будзе больш як 15 тысяч.

У студыі для наладжвання вушных манітораў ёсць спецыяльная гукавая сістэма, якая дазваляе ўзнавіць рэалістычнае гучанне, якое будзе ў артыстаў падчас выступлення. Гукарэжысёр дадае шум натоўпу, апладысменты і рэха...

Такое наладжванне дазволіць не разгубіцца артыстам на сцэне і добра чуць сябе. Пасля замацавання ўсёй апаратуры нашы выканаўцы прайшлі на сцэну праз некалькі пунктаў бяспекі. Для кожнай дэлегацыі на прагон вылучана па 40 хвілін. За гэты час Юзары і Маймуна выступілі 4 разы.

Пасля кожнага выканання рэжысёр нумара змог унесці праўкі для тэлевізійнай групы. Дэлегацыя Белтэлерадыёкампаніі ўбачыла 4 розныя варыянты здымкі. Адзін з лепшых спецыялістаў Беларусі ў гэтай сферы працай здымачнай групы задаволены.

Педагог па вакале Алекс Панайі упэўнены ў добрым выкананні песні. Але графік штодзённых трэніровак спрашчаць не збіраецца.

Пасля рэпетыцыі Юзары і Маймуна адправіліся ў прэс-цэнтр для прывітання журналістаў. Гэта была невялікая прэс-канферэнцыя, дзе артысты прапанавалі сваю песню вядучым музычным выданням кантынента. Галоўная ж прэс-канферэнцыя адбудзецца пасля другой рэпетыцыі на сцэне ў пятніцу 15 мая.