Юныя даследчыкі беларускай і рускай моў, а таксама літаратур, сёння змагаюцца за званне лепшага на штогадовай канферэнцыі сярод школьнікаў. Месцам сустрэчы 84-х лінгвістаў паводле традыцыі стала 12-я сталічная гімназія. Лепшыя вучні стануць лаўрэатамі Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі і прадставяць нашу краіну на міжнародным узроўні.
На свята завітаў Аляксандр Харавец.
Арцём Сучкоў сваю будучыню бачыць у ролі маркетолага. Сур’ёзна захапіўся вывучэннем беларускай мовы год таму і адразу распачаў сваю навукова-даследчую працу ў галіне рэкламнага бізнесу.
Як зрабіць беларускамоўную рэкламу больш прывабнай, і якія лозунгі найлепш выкарыстоўваць у тэкстах для прыцягнення ўвагі спажыўцоў. Свае ідэі 11-класнік сёння прапануе на рэспубліканскай даследчай канферэнцыі па філалогіі. Адначасова працуюць 4 секцыі - па рускай і беларускай мовах, а таксама літаратурах.
Штогадовыя даследчыя канферэнцыі па розных прадметах сёння праходзяць па ўсёй краіне. Гэта ўжо трэці - заключны - этап, на якім адзначацца самыя моцныя юныя даследчыкі. На базе ж 12–й сталічнай гімназіі спаборнічаюць у ведах па філалогіі.
Над сваімі працамі ўдзельнікі канферэнцыі працавалі на працягу года. Ператварыць ідэі ў жыццё школьнікам дапамагаюць іх настаўнікі. Тым самым вучаць не толькі набываць веды, але і ўмела іх выкарыстоўваць на практыцы.
Усяго ж у конкурсе прымаюць удзел 84 школьнікі з усіх рэгіёнаў краіны. Кожны з іх прапануе на суд журы сваю даследчую працу па мове або літаратуры. Пераможцы вызначацца заўтра. А лепшыя прадставяць нашу краіну ўжо на міжнароднай канферэнцыі па філалогіі.














