Юныя мастакі з Барысава прывезлі Гран-пры фестывалю “Віфлеемская зорка”

24 января 2015

Цэлы россып узнагарод, сярод якіх і галоўная - Гран-пры прывезлі юныя мастакі Барысава з маскоўскага фестывалю "Віфлеемская зорка". Таленавітая моладзь – выхаванцы мясцовай мастацкай школы, дзе вывучаюць не толькі малюнак і жывапіс, але і займаюцца саломапляценнем і керамікай.

Аляксандра Драгун раздзяліла поспех юных барысаўчан. У творчай майстэрні пануе цішыня - спрыяльная атмасфера для юных мастакоў. На адным мальберце віднеецца сілуэт міфічнага бога, на другім вырастаюць геаметрычныя фігуры – будучы нацюрморт. Сярод вучняў і Яўгенія. Трэці год у школе мастацтваў дзяўчына спасцігае выяўленчую грамату.

Выхаванцаў Барысаўскай школы мастацтваў ведаюць не толькі ў сталічным рэгіёне, а і за мяжой. Летась творчыя поспехі вучняў на міжнародных выставах адзначылі двума дзясяткамі дыпломаў.

Сёлета маладыя мастакі ўзялі Гран-пры на фестывалі "Віфлеемская зорка", што праходзіў у Маскве. Дарэчы, у школе яшчэ выкладаюць саломапляценне і керамічнае мастацтва.

Больш за 60 дзяцей займаюцца ў керамічнай майстэрні. За паўтара месяца кожны вучань стварае тры гліняныя работы.

Керамічны горад – курсавая работа цэлага класа. Кожнаму вучню трэба было стварыць будынак на свой густ. А пасля ўжо разам яны засялілі гліняныя дамы жыхарамі.

А ў гэтай школе атмасфера іншая. Дзяўчаты цягнуць насок ля станка ці пад запальныя гукі танцуюць фламенка.

Харэаграфічная школа, што ў Барысаве, – адзіная ў Мінскай вобласці. Пры ёй працуе танцавальны ансамбль "Дарунак". Танцавальныя здольнасці ў школе і двух філіялах развіваюць амаль 300 дзяцей.

Беларускія народныя, цыганскія, пачкі, шапэнаўкі - касцюмерная займае два памяшканні. На вешалках аж паўтары тысячы ўбораў для сцэнічных вобразаў. Сёлета для заняткаў харэаграфіяй у школе стане больш прасторы і з’явіцца нават свая сцэна ў асобным будынку.