ЮНЕСКА возьме патранаж над двума беларускімі фестывалямі

13 января 2016

ЮНЕСКА возьме патранаж над двума беларускімі фестывалямі. Аб гэтым стала вядома сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай правядзенню Года культуры ў нашай краіне. Кіраўніцтва ЮНЕСКА плануе прыняць удзел у арганізацыі Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур і свята фальклорнага мастацтва "Берагіня". Між тым, замежных гасцей запросяць на ўсе падзеі культурнага сезона, якіх ужо налічваецца не менш за сотню. План мерапрыемстваў будзе зацверджаны ў найбліжэйшы час. Дарэчы, статус культурнай сталіцы Беларусі сёлета замацаваны за Маладзечнам.

Васіль Чэрнік, намеснік міністра культуры Беларусі: "Гэта мерапрыемства для ўсіх міністэрстваў і ведамстваў. Гэта і культура побыту, і культура сямейных адносін, гэта культура вытворчасці, сельгасвытворчасці. Тут шмат можна гаварыць. І тыя прапановы, якія мы атрымалі ад міністэрстваў і ведамстваў, як раз аб гэтым сведчаць".

Наша краіна рыхтуецца адсвяткаваць і некалькі юбілеяў. Беларусы адзначаць 120-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы і 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. "Славянскаму базару ў Віцебску" споўніцца 25. Сезон будзе багаты на тэатральныя прэм'еры і новыя канцэртныя праграмы.