Юбіляр Мікалай Чаргінец правёў экскурсію па асабістым музеі

17 октября 2017

Сёння юбілей у аднаго з самых яркіх і шматгранных сучаснікаў - Мікалаю Чаргінцу 80! Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў старшыню грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" са святам. Афіцэр, палітык, грамадскі дзеяч, пісьменнік Чаргінец прысвяціў больш за паўсотні сваіх мастацкіх твораў Беларусі. Напярэдадні юбіляр прапанаваў нашаму карэспандэнту Наталлі Бардзілоўскай эксклюзіў: экскурсію па асабістым музеі!

Сюды ён прыязджае ў выхадныя. Мінскі раён. Непадалёк ад радзімы маці - вёскі Узбор'е - Мікалай Чаргінец пабудаваў вялікі дом на ўсю сям'ю: 17 чалавек. Навокал - прастора, лес, узгоркі, за дзвесце метраў - возера. Творчая атмасфера: тут дыхаецца лягчэй. І пішацца.

На пісьменніцкім стале - 700 новых рукапісных старонак. Успаміны. Акрамя аўтабіяграфіі ў планах праз кнігу расказаць пра... Юрыя Гагарына. Чаргінец цесна сябраваў з касманаўтам і яго сям'ёй.

Паслядоўнікі Гагарына, нашы беларускія касманаўты падарылі Мікалаю Іванавічу тэлескоп. Каб бачыў адну з новых адкрытых зорак, названую яго імем.

На другім паверсе дома - пакоі, па якіх можна чытаць біяграфію пісьменніка і палітыка. Уласны музей Мікалай Чаргінец стварыў у 2015. Экспазіцыя з 10 раздзелаў: сям'я, служба ў крымінальным вышуку, пісьменніцкая кар'ера, афганскі перыяд, парламенцкая дзейнасць. Унікальная калекцыя з фота, зброі, сувеніраў, узнагарод.

На ўваходзе - партрэты бацькоў: маці - беларуска, тата хлопчыкам-сіратой быў прывезены з Украіны. Нарадзілі семярых дзяцей. Першыя ўрокі жыцця малодшы Чаргінец атрымаў у акупацыі, у вайну.

Вялікай Айчыннай Чаргінец прысвеціць самы першы свой твор - раман «За секунду да стрэлу», пазней «Вам - заданне!». Была ў Чаргінца і яшчэ адна вайна. Афганская. Пра яе напісаў у кнізе «Сыны».

Інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане разам з мужам раздзялілі яго жонка і дачка. Пісьменнік ганарыцца і сынам. Як частка сям'і і сябры-літаратары, у якіх вучыўся слову і стылю: Быкаў, Шамякін, Макаёнак. Ён пачынаў з органаў правааховы, прайшоў шлях ад лейтэнанта да генерал-лейтэнанта МУС. 12 гадоў у парламенце.

Мікалай Чаргінец і сёння - у віры падзей. Кіруе Саюзам пісьменнікаў Беларусі. І сам піша.