Вялікаму юбілею Хрышчэння Русі прысвячаецца святочная выстава ў Нацыянальным гістарычным музеі

25 июля 2013

Тут літаральна можна апынуцца У промнях веры хрысціянскай. Так называецца экспазіцыя духоўных помнікаў культуры. Выстаўленыя не толькі ўзоры беларускай іканапіснай школы, але і прадметы царкоўнага ўжытку. Паказальна, што да працы над стварэннем выставы прыцягнутая і царква.


Алена Борматава - пра самыя каштоўныя экспанаты.

Абраз Хрышчэння ў Іардані - найкаштоўнейшы экспанат музейнай калекцыі іканапісу. Ён упершыню пакінуў запаснікі, як і яшчэ дзясяткі сакральных твораў. Датаванне абраза да сённяшняга дня дакладна не вызначана. Спецыялісты схіляюцца да XVII стагоддзя. Справа ў тым, што іканапісцы амаль ніколі не падпісвалі свае работы і тым больш не пакідалі сваё імя.


Для Нацыянальнага гістарычнага музея гэта ўвогуле першая спроба так маштабна паказаць сваю калекцыю іканапісу. Да гэтага часу над многімі творамі алтарнага жывапісу працуюць даследчыкі сакральнай культуры, праводзяць іх атрыбуцыю - вывучаюць манеру пісьма, матэрыялы, стылістыку, каб потым увесці ў навуковы абарот.


Унікальны выпадак у гісторыі музейнай экспазіцыі. Цыкл з 12 абразоў на экспанаванне быў прывезены прама з храма. Да гэтага сакральныя шэдэўры захоўваліся ў саборы горада Глыбокае. Яны перажылі некалькі войнаў і дзесяцігоддзі савецкага атэізму...


Гэтым абразам нацыянальнай іканапіснай школы малілася не адно пакаленне беларусаў. Захаваліся ў вельмі добрым стане. Рэстаўратары толькі іх пачысцілі, знялі сляды пылу і сажы. Глыбоцкі цыкл абразоў на сюжэты пакутаў Хрыста ўпершыню бачаць не толькі наведвальнікі, але і даследчыкі. Пасля экспанавання ўсе 12 намоленых святынь вернуцца ў сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокае.


Некалькі дзясяткаў абразоў з музейнага збору прадстаўляюць не толькі розныя эпохі, але і розныя іканапісныя школы. Расійскую, якая абапіралася на візантыйскія традыцыі, і беларускую, якая аб'яднала каноны заходнееўрапейскіх і візантыйскіх майстроў.


Дапаўненнем да іканапісных шэдэўраў сталі старажытныя царкоўныя кнігі, прылады, рызы святароў і нават нацельныя крыжы. Найбольш раннія адносяцца да X стагоддзя - перыяду, калі хрысціянства толькі прыйшло на нашы землі. Усё гэта і складае залаты фонд беларускай нацыянальнай духоўнай культуры.