Юбілей сёння адзначае заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Мішчанчук

5 августа 2016

Знакамітаму харэографу, дыпламату, акцёру і педагогу - 70. Спектаклі з яго ўдзелам у Тэатры-студыі кінаакцёра, такія як "Механічны чалавек", "Пігмаліён", "Забыць Герастрата" і "Безназоўная зорка", гледачы пераглядаюць некалькі разоў. Вось ужо чвэрць стагоддзя ён не толькі акцёр, але і дэкан Акадэміі мастацтваў.

Рэпартаж Вольгі Мядзведзь. Ён першы са сваёй вёскі і найбліжэйшых населеных пунктаў, хто рызыкнуў паступаць у творчы інстытут. Паддаўшыся модзе на медыцынскую адукацыю, жадаў стаць доктарам, але не прайшоў па конкурсе і вырашыў заваяваць педагогаў тэатральнай ВНУ. Пасля трох адборачных тураў камісія даведалася, што яму няма і 16, студэнтам ён быць не можа. Сюды ж ён вярнуўся праз два гады і адразу на курс былой студэнткі Станіслаўскага Веры Рэдліх.

Менавіта з Гроднам звязаныя ўсе лёсавызначальныя падзеі майстра. Тут ён стаў акцёрам, мужам, бацькам і заслужаным артыстам БССР.

Самы малады дырэктар тэатра ў СССР. Ва ўзросце 27 гадоў Уладзімір Мішчанчук не толькі ўзначальваў Гродзенскі абласны драматычны тэатр, але і стаў першым акцёрам - дырэктарам у Беларусі. На гэтай сцэне ў такім падвойным амплуа ён увасобіў больш як паўсотні роляў.

30 гадоў таму ён пакінуў гродзенскую сцэну і прыехаў у Мінск выкладаць. У сваёй альма-матар ён кожныя 4 гады шукае новыя таленты. Гэты юбілейны для артыста год не выключэнне. Для аўтарскага класа майстар набірае студэнтаў не толькі ў прыёмнай камісіі. Асабіста аб'ездзіў паўкраіны. З дзясяткаў ахвотнікаў выбраў толькі 15. Усяго ж сцэне - не толькі Беларусі - служаць каля сотні выпускнікоў Мішчанчука.

Кінапляцоўка пакараецца акцёру не менш за тэатральную. У яго фільмаграфіі больш як восемдзясят праектаў. Уладзімір Мішчанчук - сталы госць і тэлевізійных студый. Як вядучы, госць, член журы або голас за кадрам ён з'яўляецца ў шматлікіх тэлевізійных праграмах галоўнага медыяхолдынга краіны.