Юбілей сёння адзначае Беларускі дзяржаўны тэатр лялек

15 июля 2018

Калектыву спаўняецца 80 гадоў. У рэпертуары тэатра - спектаклі не толькі для дзяцей, але і для дарослых. І вядомыя яны далёка за межамі радзімы. Таму пацвярджэнне - шматлікія ўзнагароды замежных фестываляў. Праўда, падчас свята дзверы Тэатра лялек для публікі зачыненыя, у будынку вядуцца рамонтныя работы.

Расказвае Іна Пілевіч. У дзень нараджэння ў іх афішы спектакль пад назвай "Рамонт". Усе дэкарацыі рэальныя. А галоўныя ролі ў гэтай пыльнай пастаноўцы замест акцёраў выконваюць сапраўдныя будаўнікі. Беларускі дзяржаўны тэатр лялек у свае 80 бярэ курс на абнаўленне. Праўда, наводзіць глянец не на ўсіх плошчах, а толькі ў глядзельнай зале.

Праходы стануць шырэйшымі, а ўмяшчальнасць зменшыцца. За кошт павышэння камфорту замест ранейшых 272 крэслаў у зале будзе ўсяго 236. Перасцелюць і падлогавае пакрыццё. На змену рыпучаму паркету прыйдзе варсаніт, які паглынае гук. Зараз у публікі будзе магчымасць выйсці з залы падчас дзейства і пры гэтым не турбаваць суседзяў і артыстаў.

Падчас рамонту ліквідуюць адну з галоўных праблем глядзельнай залы - шум, што даносіцца з кінатэатра "Піянер". Каб нічога не адцягвала ад прагляду спектакля, сцены пакрыюць гукаізаляцыйным матэрыялам.

Абноўленая зала прыме публіку ўжо 21 верасня. У гэты дзень Тэатр лялек адкрые юбілейны сезон сваёй самай касавай пастаноўкай. У спектаклі "Пансіён "Бельведэр" артысты іграюць без слоў і ў масках, але пры гэтым кранальна і рэалістычна перадаюць адзін дзень з жыцця дома састарэлых. Дарэчы, італьянскі пастаноўшчык камедыі Матэа Сп’яцы ў новым сезоне вернецца ў Мінск.

Усяго ж у юбілейным сезоне найстарэйшы Тэатр лялек краіны дасць тры прэм'еры. Зараз калектыў заняты падрыхтоўкай праграмы свайго творчага вечара. З-за рамонту ўрачыстасці ў гонар 80-годдзя трупы заяўлены на кастрычнік.