XXVI "Славянскі базар у Віцебску" стаў гісторыяй

18 июля 2017

Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" стаў гісторыяй. Напярэдадні ў Летнім амфітэатры прайшла цырымонія ўрачыстага закрыцця XXVI форуму. Перад шасцітысячнай залай выступілі зоркі эстрады. Вырашылася і галоўная інтрыга конкурсу маладых выканаўцаў. Гран-пры не прысуджаўся. А першая прэмія ва ўкраінскага канкурсанта.

Вынікі форуму падвяла Вольга Маслоўская. Урачыстае закрыццё, і ў шасцітысячнай зале зноў аншлаг. На сцэне любімыя артысты і любімыя хіты. Разам з гледачом з фестывалем развітваюцца Валерый Меладзэ, Таццяна Буланава, Дзяніс Майданаў, Руслан Аляхно, Сасо Паўліяшвілі.

Віцебская сцэна стала зорным трамплінам для многіх знакамітых артыстаў. Пераможцы XXVI конкурсу выканаўцаў эстраднай песні таксама вераць у прымету: поспех на "Славянскім базары" – залог бліскучай творчай кар'еры. Імёны лаўрэатаў і, галоўнае, ці будзе ўручаны Гран-пры - гэта было загадкай нават для вядучых.

Ва ўрачысты момант усе канкурсанты на сцэне. Спецыяльнага прыза Прэзідэнта Беларусі "Славянская надзея" ўдастоена выканаўца з Харватыі Ніна Краліч. Трэцюю прэмію і грашовы прыз памерам 5 тысяч долараў павязе сербка Нявена Бажовіч. Авацыі залы і другая прэмія конкурсу дасталіся беларускаму вакалісту Ягору Шаранкову. Першая прэмія і грашовы прыз памерам 15 тысяч долараў прысуджаныя Уладу Сытніку з Украіны.

Канцэрт закрыцця завяршыўся за поўнач. Але не паставіў кропку ў гісторыі XXVI "Славянскага базару". Яшчэ два дні ў Віцебску будуць гучаць пазыўныя фестывалю. У якасці постскрыптуму - канцэрты "Зорак шансону", Ягора Крыда і гурта "Сплін". Пад знакам "Славянскага базару" прайшоў тыдзень. Весткі з фестывальнага Віцебска адкрывалі навінавыя эфіры, размяшчаліся на першых палосах газет і інтэрнэт-выданняў. Падзеі форуму асвятлялі 500 журналістаў з больш чым ста СМІ. Датычнымі да вялікага свята мастацтваў сталі некалькі тысяч гасцей і шматмільённая тэлеаўдыторыя. Сёлета геаграфію "валошкавых" краін папоўнілі Эквадор і Нігерыя. 5 тысяч удзельнікаў, 130 праектаў, 18 яркіх шоу толькі на сцэне Летняга амфітэатра.

А яшчэ XXVI фестываль увойдзе ў гісторыю і як самы пахмурны: за тры дні на фестывальную сталіцу вылілася дэкадная норма ападкаў, а сярэдзіна лета - 15 ліпеня - выдалася самай халоднай за апошнія паўстагоддзя. І ўсё ж Віцебск будзе доўга прывыкаць да звычайнага мернага ладу жыцця і ўспамінаць імгненні фестывальнага лета.