XIX Тыдзень беларускай кухні стартаваў у Мінску

25 февраля 2019

Бадай, немагчыма ўявіць Беларусь без нашай самабытнай кухні. Жур з мясам, свініна па-беларуску, грачанікі, салата "Журавіны" і "Дзьмухаўцы" - адны толькі назвы выклікаюць непадробную цікавасць. А вось якія гэтыя стравы на самк - можна ацаніць у сталічных установах. У Мінску стартаваў Тыдзень нацыянальнай кухні. Пра Беларусь гастранамічную Юлія Токар.

Адзіная цана і рэцэптура - своеасаблівы іспыт для сталічных кухараў. Тым больш што прыгатаваць неабходна стравы мінулых стагоддзяў. Жур з мясам альбо салата "Журавіны" павінны не толькі перадаць самабытны смак беларускай кухні, а падаць іх трэба ў адмысловым афармленні.

Кісла-салодкі смак журавін добра спалучаецца з мясам. Смажаная ялавічына не толькі набывае сакавітыя ноткі ягады, у спалучэнні з зелянінай становіцца карыснай для здароўя стравай. Салата "Журавіны" - адна з пяці страў гастранамічнага сэта Тыдня беларускай кухні.

Пасля халоднай закускі на стале суп - жур з мясам. Аўсяныя камякі, морква і цыбуля з паляўнічымі каўбаскамі - страва нумар адзін у нашых продкаў - і сёння многім прыйдуцца даспадобы.

Гастранамічны праект падтрымалі 60 сталічных кафэ і рэстаранаў. На абед ці вячэру яны падаюць пяць адмысловых страў. Асноўныя гарачыя – дзве. На выбар бліны з грыбамі - грачанікі ці свініна па-беларуску.

Шэф-повар сталічнага рэстарана Андрэй Ізмайловіч другі сезон запар распрацоўвае меню гастранамічнага фестывалю. Апетытныя тварожныя “дзьмухаўцы” ён прапанаваў падаваць з мядова-журавінавай паліўкай. Усе інгрэдыенты выключна беларускія.

Стравы па рэцэптах мінулых стагоддзяў у новым прачытанні можна каштаваць увесь тыдзень. Як правіла, пасля завяршэння гастранамічнага праекта самыя папулярныя з іх трапляюць у асноўнае меню кафэ і рэстаранаў.