Выставу "Горад. Архітэктура. Мы" прапанаваў Нацыянальны мастацкі музей

5 сентября 2017

Як змяняўся Мінск на працягу стагоддзя. Манументальную рэтраспектыву да юбілею сталіцы прапанаваў Нацыянальны мастацкі музей. Выстава "Горад. Архітэктура. Мы" - своеасаблівая іканаграфія. Майстры розных пакаленняў і мастацкіх традыцый дэманструюць нам свой Мінск - урачысты і паўсядзённы. Падрабязней - Алена Борматава.

Сярод сотні работ вока мастака Волкава найперш спыняецца на працах дзеда і бацькі. Творчая дынастыя стала сапраўднымі летапісцамі горада. Пісалі яго ўсе пакаленні на працягу дзесяцігоддзяў. На выставе - эскізы старэйшага Волкава да хрэстаматыйнага палатна «Вызваленне Мінска» і шэраг акварэляў Волкава-сярэдняга.

Мастацкая рэтраспектыва Мінска. Ад 20-ых гадоў мінулага стагоддзя да нулявых стагоддзя 21-га. Галоўным партрэтыстам тады стаў Анатоль Тычына. На выставе прадэманстраваны даволі маштабна. Тут ужо не існуючыя вуліцы і будынкі. Аднак у кожным дзесяцігоддзі на палотнах многіх творцаў сустракаюцца знакавыя для мінчан аб'екты, своеасаблівыя архітэктурныя арыенціры горада - Свята-Духаў сабор і касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі.

Палотны з выявамі Мінска, а іх у фондах музея амаль 500, гэта яшчэ і дакументальны матэрыял для гісторыкаў архітэктуры і моды. Як апраналіся людзі ў 50-ыя. Гарадскія забавы дзяцей 60-ых. І тое, што сённяшняя моладзь успрымае як нерэальнае - чарга па апельсіны.

Сярэдняму Волкаву з авоськай апельсінаў пазіравала сама мастачка Аляксандра Паслядовіч. Так і ўвайшла ў гісторыю.

Да Дня горада Нацыянальны мастацкі музей падчас сваёй традыцыйнай акцыі "Вераснёвая ноч" правядзе шэраг экскурсій па Мінску на падставе гэтай выставы. У кожнага з'явіцца магчымасць спачатку пазнаць мегаполіс на работах векавой і паўвекавой даўнасці, а затым прайсці па сучаснай сталіцы і параўнаць, наколькі змяніўся горад за апошняе стагоддзе.