Выстава "Забытыя казкі" адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі

1 июня 2017

Леў з чалавечымі вачамі і лебедзі, якія лунаюць у небе… Выстава "Забытыя казкі" адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. Дзіцячая наіўнасць і непасрэднасць светаўспрымання застылі ў карцінах Сяргея Каваля. Паўтара дзясятка манументальных работ упершыню паказалі шырокай публіцы.

Расказвае Алена Борматава.

З пэндзлем і фарбай мастак не развітваецца нават за некалькі хвілін да пачатку вернісажу. Апошнія мазкі робіць проста на выстаўленай карціне. Манументальнае палатно ў залы Нацыянальнага музея прывезлі непасрэдна з хатняй майстэрні творцы. Амаль усе з паўтара дзясятка работ напісаны ў апошні час.

Сяргей Каваль вучыўся ў Дзяржаўным эканамічным універсітэце. Аднак зразумеў, што эканоміка не яго шлях. Больш прываблівае творчасць. Крыху гуляе ў футбол, хакей, цікавіцца псіхалогіяй. І вывучае творчасць сусветна вядомых мастакоў.

Адразу некалькі карцін - прысвячэнні Марку Шагалу. Каханыя, якія лунаюць над горадам, - гэта і ёсць геній Шагал і яго Бэла. Амаль усе персанажы на карцінах мастака-самавучкі Сяргея Каваля - рэальныя асобы. Яго суседзі, знаёмыя, сябры.

Творчасць Шагала, Пікаса, Пірасмані паўплывала на мастака-самавучку са Светлагорска. Рэдкі на сёння жанр наіўнага, ці інсітнага, мастацтва ён абраў для рэалізацыі свайго творчага светапогляду. Карціны ён піша ўсяго сем гадоў, аднак за гэты час Сяргей Каваль змог выставіцца ў Парыжы і адкрыць персанальную выставу ў Нацыянальным музеі Беларусі.

Цэнтральная карціна выставы - аўтапартрэт. Мастак на парыжскіх вуліцах. На фоне Луўра. Уражанні ад наведвання музея ўжо ў Светлагорску перанёс на палатно.

Яркія фарбы, вялікія памеры работ. Манументальнае, простае і наіўнае мастацтва, якое прываблівае галерэйшчыкаў і калекцыянераў свету. Работы беларускага Пірасмані, як называюць Каваля ў свеце, сёння захоўваюцца ў прыватных калекцыях Расіі, Германіі, Бельгіі і Францыі.