Выстава Яна Райніса ў музеі Янкі Купалы

23 июня 2015

Купалле або Яна адзначаюць сёння славянскія і балтыйскія народы. Звязана свята з летнім сонцастаяннем. Славяне дзень летняга сонцавароту прысвячалі богу Купалу. Невыпадкова, у музеі Янкі Купалы да гэтага свята адкрылася выстава, прысвечаная латышскім народным паэтам Яну Райнісу і Аспазіі. Што звязвала паэтаў Беларусі і Латвіі, ведае Ларыса Гулякевіч.

Першая сустрэча двух легендарных паэтаў Латвіі і Беларусі Яна Райніса і Янкі Купалы адбылася менавіта ў  Мінску ў 1926 годзе на канферэнцыі па рэформе беларускай мовы.

 

Два Яны, два літаратары і грамадска-палітычныя дзеячы дамовіліся садзейнічаць папулярызацыі  беларускай культуры і мовы ў Латвіі. Дарэчы, напрыканцы XIX - пачатку XX стагоддзяў на тэрыторыі суседняй краіны было шмат беларускамоўных школ.

Ян Райніс любіў Беларусь, захапляўся творчасцю Багдановіча, Коласа, Купалы. Яго намаганнямі на сцэне латвійскага тэатра была ўпершыню пастаўлена  купалаўская "Паўлінка". Але не толькі аднолькавыя імёны, любоў да свайго народа аб’ядноўвалі двух вялікіх паэтаў. Нават іх біяграфіі чымсьці былі падобныя.

Іван Луцэвіч выбраў сабе псеўданім Янка Купала, атаясамліваючы сябе з народным святам Купаллем. У ім сканцэнтравана ўся  самабытнасць, мудрасць  і  прыгажосць беларускага народа.