Персанальная выстава Уладзіміра Вішнеўскага. Вернісаж прапануе Нацыянальны мастацкі музей

1 ноября 2020
Наш сучаснік вядомы шматграннасцю сваёй творчасці. Мастак працуе ў розных відах выяўленчага мастацтва - ад акварэлі да скульптуры. Падрабязнасці - у рэпартажы Іны Пілевіч.

Дэбют Уладзіміра Вішнеўскага ў Нацыянальным мастацкім музеі. Пад першую персанальную выставу ў гэтых сценах майстру адвялі прастору галерэі. Аўтар прэзентуе абранае за 44 гады творчага стажу.
 

У экспазіцыі - сотня твораў у розных відах выяўленчага мастацтва

Тут сышліся тыражная графіка, працы, напісаныя акварэллю і тушшу, а таксама скульптура. Прычым, фігуры створаныя з розных матэрыялаў - бронзы, каменя і дрэва. Такая разнастайнасць творчасці як пацверджанне шматграннасці таленту аўтара.
Рознае ўвасабленне, але ідэя адна - любоў да Радзімы, вывучэнне гісторыі. Вішнеўскі падкрэслівае гэта і ў назвах сваіх прац - "Карона Міндоўга", "Полацкія напевы", "Камень Рагвалода". Таксама прапанаваны цыкл прац, прысвечаны выдатнай фігуры ў нашай гісторыі, -  Адаму Міцкевічу. 

Для беларускага мастака і прафесара Акадэміі мастацтваў гэтая персанальная выстава юбілейная - 20-я

 Сёння працы Вішнеўскага знаходзяцца ў фондах не толькі Нацыянальнага мастацкага, але і ў Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Ёрку, Нацыянальным інстытуце Асалінскага ва Уроцлаве.