Выстава ў Барысаве аб'яднала каля трох дзясяткаў мясцовых аўтараў

3 ноября 2020

Чым жылі мастакі на працягу творчага года. У Барысаве выніковая выстава аб'яднала каля трох дзясяткаў мясцовых аўтараў. Пра самыя яркія фарбы ў палітры барысаўчан - Наталля Бардзілоўская.

У Барысаве няма сваіх мастацкіх галерэй. Прастору для арт-праектаў дае Цэнтральная раённая бібліятэка імя Каладзеева - мясцовы культурны цэнтр. У ім праводзяць вернісажы, размяшчаюць стацыянарныя і часовыя экспазіцыі прафесіяналаў і навічкоў у выяўленчым мастацтве. Адным з традыцыйных праектаў установы з'яўляецца выстава "Барысаўскі каларыт". Яна аб'ядноўвае мясцовыя таленты - тых, хто сваім імем ці вобразамі малой радзімы ўслаўляе Барысаўскі край.

Традыцыйны выставачны праект вырас з аматарскай студыі выяўленчага мастацтва. "Каларыт" - аб'яднанне пры мясцовым Палацы культуры, якое збірала мастакоў рознага ўзросту, рознай ступені падрыхтаванасці, мастацкіх напрамкаў. Быў час, калі студыя расфарміравалася. Але тут, у бібліятэцы, прыйшла ідэя зноў сабраць барысаўскіх творцаў на адной прасторы.

Цяпер бібліятэчная арт-галерэя "З'ява" прымае іх імпрэзы. Праекту "Барысаўскі каларыт" сем гадоў. Штогод ён збірае да трох дзясяткаў удзельнікаў. Жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Віды, жанры і напрамкі, у якіх самаўвасабляюцца барысаўчане, вельмі разнастайныя. Сёлета ў экспазіцыі паўсотні работ дваццаці шасці аўтараў. Вядомых мастакоў: Віктара Бялова, Сяргея Ткачова, Пятра Казявіна.

Па палотнах Пятра Казявіна барысаўчане пазнаюць свой горад. Многіх аб'ектаў (напрыклад, Шухаўскай вежы) ўжо даўно ў рэаліях няма, але мастак пакінуў іх у сваіх пейзажах, гэта лепш за фота.

Творчае "настаўнік - вучань" на выставе прадстаўлена імёнамі дынастыі Швайбовіч - Святланы і Аліны, вядомых майстроў габелена. Выстава звяртае ўвагу і на пакуль зусім невядомыя ў мастацкім асяроддзі імёны, але творчасць, якая дорыць эмоцыю і яркую фарбу, таксама знайшла сваё месца на выставе.

Паралельна з выставай мастакоў у бібліятэцы можна пабачыць экспазіцыю скарбонак і манет розных эпох і розных народаў. Гэта асветніцкі праект, прысвечаны фінансавай граматнасці дарослых і дзяцей.