Выстава ручных работ сёння адкрылася ў сталіцы

16 февраля 2013
Аб цікавых прапановах і новых рашэннях аўтэнтычнага мастацтва раскажа Аляксандра Драгун.
На два дні фэшн-майстры з усёй краіны сабраліся ў Нацыянальным гістарычным музеі. Прыехалі не толькі з гатовымі вырабамі ручной працы: адзеннем, аксесуарамі, упрыгажэннямі і арт-аб'ектамі, але і каб падзяліцца сваім уменнем і майстэрствам.
Праграма святочнага кірмашу насычана эксклюзіўнымі майстар-класамі: ад вырабу паштоўкі да рэалістычных кветак з палімернай гліны. Навінкай для спрактыкаваных модніц стануць гатовыя работы з карунак. Кошт адной з невялікай устаўкай элегантнага ўзору абыдзецца ў 500 тысяч беларускіх рублёў.
Старажытная тэхніка карункаў Рышэлье амаль страчана. Сакрэты майстэрства вытанчанага аксесуара ведаюць усяго некалькі беларускіх спецыялістаў. Але па-ранейшаму далікатныя ўзоры ў цане. Напрыклад, каб атрымаць такую сурвэтку, спатрэбіцца гатовы эскіз і тры дні ювелірнай працы.
Сёлета такой маштабнай і насычанай выставай распачалі сезон традыцыйных кірмашоў. Беларускія ўмельцы абяцаюць на працягу года ўражваць новымі рашэннямі звыклых тавараў і аксесуараў.