Выстава Роні Голдфінгер праходзіць у сталічнай галерэі "Дом карцін"

4 июня 2017

Мастацтва без дамешкі акадэмічных шаблонаў. Выстава мастачкі Роні Голдфінгер праходзіць у сталічнай галерэі "Дом карцін". Экспазіцыя складаецца з жаночых вобразаў, напісаных алеем у аўтарскай тэхніцы. Далонь і пальцы - вось асноўныя інструменты мастачкі.

Пра фінгер-арт - Ніна Мажэйка. Класіка стала лейтматывам зусім не акадэмічнага мастацтва. Маляўнічы эпатаж мастачкі Роні Голдфінгер у прамым сэнсе адцяніла адсутнасць святла. Як па заказе. У гледачоў склалася ўражанне - правакацыя наўмысная. Ужо ў сафітах публіцы ўдалося разгледзець аўтарскую тэхніку. Дэталёва. Пэндзаль мастачкі - далонь і фалангі пальцаў - ад вялікага да мезенца.

Свой фінгер-арт лічыць мастацтвам без дамешкі акадэмічных шаблонаў. Кантакт скуры, палатна і алею. Яе маляўнічы стыль не абмяжоўваецца мастацтвазнаўчымі фармулёўкамі.

Непрафесійная мастачка ўзяла псеўданім. Роні Голд - залатая сярэдзіна яе імя, а фінгер - прамая адсылка да аўтарскай тэхнікі. Так банкаўскі работнік рэалізавалася як жывапісец. Гэтая выстава трэцяя. Дэбютную рабіла мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. Гэта яна ў канцы 70-х чытала лекцыі пра забароненых у Саюзе Шагала і Суціна. Незвычайная манера пісаць уславіла іх на ўвесь свет.

Майскія ландышы замест сакавіцкай мімозы. Аўтар адушавіла жаночыя вобразы. На палотнах увасобіліся Дар'я і нават Кармэн. Пайменна. Кожная з іх, як і ў жыцці, непаўторная.