Садавіна, гародніна і святы ўраджаю - яскравыя тэмы восені. У фотамастака Аліка Замосціна незвычайны погляд на гэтыя рэчы. Выстава "Агароднінны кірмаш" на два тыдні размясцілася ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Вобразы восені ўбачыла Ларыса Гулякевіч.
У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі пачаў працаваць кірмаш. Гэтую садавіну-агародніну нельга купіць, ды і не надта гэтымі прадуктамі можна пачаставацца. Затое - цэлая галерэя вобразаў, характараў, персанажаў, нават гісторый…
Кожны герой гэтай фотавыставы - не зусім свежая садавіна і агародніна. Спецыфіка гэтых нацюрмортаў не ў гламурнасці, а ў нейкай гумарыстычнай філасофіі.
Кірмашная тэма фотавыставы невыпадковая. Аўтар Алік Замосцін родам з Мінска, але паўжыцця працаваў і жыў у Канадзе, ЗША, Ізраілі. Аднак яго запалам ці слабасцю быў і застаецца садавіна-агароднінны кірмаш.
Своеасаблівыя фотанавелы раскрываюць сэнс жыцця сур'ёзнага і не зусім. Усё залежыць ад асабістага пачуцця гумару.
У Мінску гэты фота-гумарыстычны праект прадстаўлены ўпершыню, але сапраўдная прэм'ера "Агародніннага кірмаша" адбылася сёлета на "Славянскім базары ў Віцебску".
Экспазіцыя працягваецца і ў дворыку гістарычнага музея. У канцы верасня выставу ўжо чакаюць ў Полацку, гісторыка-культурным музеі-запаведніку.













