Выстава народных латышскіх касцюмаў з фондаў Ліепайскага музея - у Лошыцкай сядзібе ў Мінску

12 декабря 2018

Якая мода была ў Латвіі 150 гадоў таму, і чым яна адрознівалася ад беларускай.

Красой паўднёвай Курземе любавалася Ларыса Гулякевіч. Адна з самых важных падзей у жыцці любога народа - вяселле, да якога рыхтуецца амаль з маленства не толькі нявеста - уся яе сям'я. Напрыклад, у Латвіі 100-150 гадоў таму пасаг збіраўся, шыўся, ткаўся і вязаўся не толькі для будучай сям'і, але і для ўсіх сваякоў. Мода на адзенне адлюстроўвала не столькі прыгажосць дзяўчыны, колькі наяўнасць багацця і здароўя.

Маладая жанчына з латвійскага рэгіёна Курземе ці Курляндыі апранала на сябе як мага больш яркага адзення з воўны, каб было ўяўленне, што яна моцная здаровая гаспадыня, якая можа нарадзіць і выхаваць шмат дзяцей. Мужчыны апраналіся больш сціпла, але ўпрыгожвалі сябе яркімі шалікамі.
Самыя модныя ўпрыгажэнні напрыканцы 19 - пачатку 20 стагоддзяў былі даволі важкія і рабіліся з серабра, а брошкі з бурштыну з моды ўвогуле не выходзілі.

На выставе ў Лошыцкай сядзібе прадэманстравана больш за 350 прадметаў каларыту і самабытнасці самага заходняга рэгіёна Латвіі - Курземе, які знаходзіцца на мяжы з Літвой.
Увогуле ў Ліепайскім музеі, створаным у 1924 годзе, больш за 130 тысяч экспанатаў, якія паказваюць старажытную гісторыю з унікальнымі археалагічнымі артэфактамі, этнаграфію паўднёвай Курземе. Калекцыя тэкстылю ўпершыню пакінула сцены свайго музея.

Рэгіён Курземе лічыцца ўнікальным. Старажытныя матэрыяльныя і духоўныя элементы культуры і гісторыі вясковага побыту тут захаваліся даўжэй за іншыя ў Латвіі.
Калекцыя этнаграфічнага тэкстылю з Ліепайскага музея сімвалізуе не толькі сялянскія традыцыі Курземе, але і прыгажосць латвійскай прыроды. Экспазіцыя прысвечана 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі.