Выстава мініяцюрных лялечных скульптур

4 августа 2016

Два Напалеоны ў кепскім настроі, фея, рускі карагод і цэлы тэатр абсурду... Гісторыя, філасофія і нават сарказм - усё аб'ядналася на выставе мініяцюрных лялечных скульптур. У Нацыянальны гістарычны музей калекцыя прыехала з Расіі. Завітала на выставу Ларыса Гулякевіч.

Лялькі ці скульптуры? Кожная работа зроблена па ўнікальных злепках. Гэта і рускія касцюмы, і венецыянскія маскі, і героі драматычнага тэатра абсурду. Усе яны аб'яднаныя адной назвай «Карабель дурняў».

Калі па-навуковаму, гэтыя работы выкананыя ў жанры скульптуры малых формаў, аднак аўтар называе гэтыя эксклюзіўныя творы мастацтва сваімі лялькамі. І не толькі таму, што ўкладзена вялікая фізічная і майстэрская праца. У кожным з гэтых герояў жыве душа.

Гэтыя мініяцюрныя лялечныя скульптуры, якія вельмі ўдала выглядаюць менавіта на сценах, вырабляюцца з керамікі - фаянсу і гліны розных колераў у складанай тэхніцы ручной лепкі. Кожная фігура праходзіць даволі працаёмкі працэс стварэння ад ідэі да пластылінавай мадэлі, потым – фармаванне ў гліне і роспіс ўручную.

Што да назвы выставы "Карабель дурняў", то яна абумоўлена прыхільнасцю аўтара Маргарыты Дабрынінай да драматургіі тэатра абсурду. На выставе таксама прапанаваныя тры канцэпцыі. "Рускі карагод" – серыя керамічных работ, прысвечаная гісторыі рускага жаночага касцюма мінулых стагоддзяў. "Венецыянскія маскі" з вяльможамі, арыстакратамі, паэтамі, музыкантамі, мастакамі і гандальерамі. Асобную ўвагу маскоўскі майстар надала тэме ўзросту, незвычайных мар, кахання і маніі вялікасці ў сваёй калекцыі "Псіхалогія жаданняў".