Выстава калекцыі бурштыну "Легенды сонечнага каменю" адкрываецца ў Дзяржаўным музеі Якуба Коласа

5 марта 2019

Выстава калекцыі бурштыну пад назвай «Легенды сонечнага каменю» сёння адкрываецца ў Дзяржаўным музеі Якуба Коласа. Экспазіцыя прыехала з Калінінграда. Менавіта ў гэтым рэгіёне знаходзіцца дзевяноста працэнтаў сусветных бурштынавых запасаў. Усю прыгажосць каменя майстры раскрываюць у вытанчаных упрыгажэннях, сувенірах і прадметах побыту. Пра ўласцівасці каменя сонца - Ларыса Гулякевіч.

Са старадаўніх часоў прадметы побыту, а таксама вытанчаныя ўпрыгажэнні: кулоны, бранзалеты і пярсцёнкі з бурштыну - упрыгожвалі пакоі і дадавалі велічнасці вобразу знатных людзей. Сонечны камень – а дакладней, зацвярдзелая смала - добра суіснуе з такімі прыроднымі матэрыяламі, як скура, дрэва, медзь і серабро.
Паходжанне прыроднага каменя бурштыну адносіцца да мезазойскага перыяду, калі панавалі дыназаўры. З ім звязаны шматлікія казкі, паданні і легенды. Акрамя ювелірных якасцяў, ён мае і медыцынскія.
Экспазіцыя "Легенды сонечнага каменя" прыехала з Калінінградскага абласнога гісторыка-мастацкага музея. Там захоўваецца амаль 140 000 прадметаў з археалагічных, гістарычных і мастацкіх калекцый. Калінінградская вобласць вядома як адно з найвялікшых радовішчаў бурштыну. Менавіта тут знаходзіцца каля 90 % сусветных запасаў празрыстай смалы.
Музей Якуба Коласа не першы год супрацоўнічае з калінінградскім. Народны паэт Беларусі захапляўся хараством прыродных камянёў, гісторыі пра іх можна знайсці і ў зборніку «Казкі жыцця».
На выставе прадэманстраваны як сучасныя ювелірныя вырабы, так і гістарычныя экспанаты - прадметы побыту, узоры прыроднага бурштыну. Нездарма гэты камень называюць захавальнікам часу.