Выстава эпатажнага майстра пэндзля Георгія Скрыпнічэнкі адкрылася ў Мінску

6 июня 2019

Рэтраспектыва ў сюррэалістычных палотнах. Выстава эпатажнага майстра пэндзля Георгія Скрыпнічэнкі адкрылася ў беларускай сталіцы. У залах Гістарычнага музея   экспануюцца цыклы жывапісных і графічных работ. Якія сімвалы зашыфраваныя ў карцінах, раскажа Дар'я Тарасава. 

Сюррэалістычныя далі ад беларускага Сальвадора Далі. Выпускнік Мінскага мастацкага вучылішча, ён першым у краіне злучыў на сваіх палотнах фантастыку і рэальнасць. Героі выставы Георгія Скрыпнічэнкі - гэта пяцьдзясят станковых жывапісных і графічных твораў. Тут і самая ранняя "Мінскія варыяцыі", і апошняя з работ майстра галаваломак. Тэматыка - ад традыцыйных пейзажных жанраў да мудрагелістых міфалагічных і гістарычных сюжэтаў.

У 60-я Скрыпнічэнка пачаў працаваць з графікай, для свайго часу карціны аказаліся занадта эпатажнымі. Некаторыя з іх упершыню можна ўбачыць у выставачнай прасторы. У сценах Гістарычнага музея экспануецца і самая ранняя графічная работа сюррэаліста, ёй больш за паўстагоддзя.

Сябе на палотнах сюррэаліст адлюстроўваў гэтак жа часта, як і яго кумір Караваджа. Уладальнік каларытнага выгляду, Скрыпнічэнка любіў аўтапартрэты. У экспазіцыі такіх работы дзве. Свой знакаміты партрэт на ДВП у змешанай тэхніцы ён напісаў ужо ў сталым узросце. Сюжэты карцін пераважна не расшыфроўваў. Да дапрацоўкі некаторых палотнаў вяртаўся праз дзесяцігоддзі пасля стварэння.

Убачыць палотны сюррэаліста ў выставачнай прасторы - эксклюзіў. Ён рэдка выстаўляўся пры жыцці, а некаторыя работы ўвогуле не пакідалі межаў майстэрні. Сёння творчая спадчына заснавальніка новай эстэтыкі знаходзіцца ў дзяржаўных і прыватных зборах. Карціны аўтарства Скрыпнічэнкі будуць экспанавацца ў Гістарычным і падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў.