Выстава "Цуд пад мікраскопам" прыбыла ў Мінск

16 октября 2015

Балалайка памерам з макавае зярнятка, караван вярблюдаў у іголкавым вушцы і Мона Ліза - на крыле матылька. Мініяцюрнае мастацтва з захаваннем усіх прапорцый з Омска ў Мінск прывёз мікражывапісец Анатоль Каненка. Сібірскі ляўша - рэальны прататып аповедаў Ляскова, якому атрымалася падкаваць блыху. Разгледзець яго працы можна толькі пад мікраскопам або з дапамогай лупы. Сярод экспанатаў - герб Беларусі і копія Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У мініяцюры мастак увасобіў і зборнік вершаў беларускага класіка Максіма Багдановіча памерам міліметр на міліметр. Кніга выкананая ў золаце, пераплеценая і аформленая ўручную.

Больш за сотню экспанатаў у Мінск даставілі самалётам у ручной паклажы. Усе мікрамініяцюры змешчаныя пад шкло - кошт самых вядомых з іх - такіх, як падкаваная блыха, каля 50 тыс. еўра. Працы Каненкі ёсць і ў калекцыі Прэзідэнта Беларусі.