Выстава "Беларусь савецкая" прымеркаваная да 95-годдзя ўтварэння Савецкага Саюза

15 декабря 2017

Эпоху, калі Беларусь была часткай СССР, у прадметным шэрагу паказала Прэзідэнцкая бібліятэка. Выстава "Беларусь савецкая" прымеркаваная да 95-годдзя ўтварэння Савецкага Саюза. У экспазіцыі - некалькі сотняў экспанатаў. Наталля Бардзілоўская - падрабязней.

Прамаці ЭВМ - вылічальная машынка. Піянерскі чырвоны гальштук і бюст Леніна. Папяровыя банкноты і манеты, касцюмы і значкі. Менш як трыццаць гадоў таму на карце свету перастала існаваць дзяржава СССР, а большасць яе матэрыяльных знакаў і тагачаснай атрыбутыкі ўжо з’яўляюцца глыбокім мінулым. У экспазіцыі - асабістыя рэчы людзей, якія беражліва ставяцца да той эпохі.

Канстытуцыя 1927 года, выпуск на чатырох мовах у арыгінале. Кнігі па праве, статыстычныя зборнікі, ведамасныя дакументы - з фондаў рэдкіх кніг Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі. А самая насычаная частка выставы – плакаты, выстаўленыя Беларускім саюзам дызайнераў. Найкаштоўнейшы экзэмпляр: узор літаграфіі, з яе пачыналася тэхналогія плаката. Асобнае мастацтва - прапагандысцкія лозунгі і рэкламныя плакаты тых часоў.

Плакат аўтарства Арлена Кашкурэвіча, 1958 год, але і сёння ён выглядае даволі актуальна. Цікава, што адзін з высокіх гасцей, убачыўшы на выставе гэтую работу, прапанаваў яе размножыць і размясціць у кабінеце кожнага беларускага кіраўніка незалежна ад узроўню.

Афсетны друк і творы ручной работы. У фондах Беларускага саюза дызайнераў - больш за тысячу плакатаў. Для папулярызацыі гэтага мастацтва і захавання асабліва каштоўных яго экзэмпляраў саюз выдаў кнігу-каталог і стварыў асобны сайт.

Гадзіннік, які паказваў час у сталічным Доме ўрада. Ордэны і медалі - ад Ударніка сацыялістычнай працы да ўзнагарод Вялікай Айчыннай вайны. Выстава ўзгадвае агульнае мінулае вялікай савецкай дзяржавы. У той жа час гэта аповед менавіта пра Беларусь.