Выстава "12 стратэгій" адкрылася ў Цэнтры сучасных мастацтваў

30 августа 2015

"12 стратэгій" выяўленчага майстэрства прапануе ўбачыць Цэнтр сучасных мастацтваў у Мінску. Выстава аб'яднала беларускіх майстроў жывапісу і скульптуры. Падрабязнасці "стратэгій" даведалася Вольга Мядзведзь.

12 розных тэхнік, стыляў і кірункаў сустрэліся на адной пляцоўцы. Экспазіцыя аб'яднала 12 аўтараў, сярод якіх толькі старажылы сваёй справы з багатым творчым вопытам. 12 залаў і ў кожнай свой настрой. Асаблівасці сучаснага выяўленчага мастацтва зараз можна не толькі разгледзець, але і вылічыць у "12 стратэгіях".

Гэтаму праекту ўжо 2 гады, але ў Мінску яго прэзентавалі ўпершыню. Хоць і гэта, як высветлілася, не планавалася. Творы першапачаткова былі сабраны ў адну выставу, каб адправіцца ў Пекін.

Але ў Кітай выстава паехаць не паспела. Незвычайная экспазіцыя зацікавіла кіраўніка Цэнтра сучасных мастацтваў. Тут жа прыйшла прапанова выставіцца спачатку ў беларускай сталіцы. Так "12 стратэгій" на час і пасяліліся на адной з лепшых выставачных пляцовак Мінска.

У Кітай "12 стратэгій" усё ж паедуць. Плануецца, што выставу ў Паднябеснай убачаць ужо ў наступным годзе. 12 беларускіх мастакоў і ўвогуле 120 карцін. Акрамя таго, у якасці дапаўнення да выставы Уладзімір Цеслер прадэманструе ў Пекіне сваю даволі вядомую серыю работ "12-ць з 20-га".