Выдаткаваныя грошы на правядзенне аднаўленчых прац у Косаўскім палацы

17 августа 2018

Захаванне помнікаў архітэктуры Беларусі - адзін з прыярытэтных кірункаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы гісторыка-культурнай спадчыны. У краіне дзейнічае інвестыцыйная праграма па аднаўленні аб'ектаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Акрамя таго, сродкі на рэстаўрацыю і ўзнаўленне шэдэўраў старажытных дойлідаў накіроўваюцца і з фонду Прэзідэнта Беларусі. Так, выдаткаваныя грошы на правядзенне аднаўленчых прац у Косаўскім палацы. Як ідзе засваенне сродкаў, высвятляла наш карэспандэнт Алена Борматава.

Грамадска-культурны цэнтр - такое функцыянальнае прызначэнне палаца ў Косаве. Першыя працы па аднаўленні архітэктурнага аб'екта пачаліся 10 гадоў таму. Тут не было ні вокнаў, ні дзвярэй, ні перакрыццяў. Па сутнасці, на месцы радавога гнязда Пуслоўскіх былі руіны. Будынак руйнаваўся дзесяцігоддзямі, бадай, сваю ролю сыгралі вядомыя ў савецкі час табу адносна "ідэалагічна чужой" гістарычнай спадчыны. Пераломны момант наступіў у суверэннай Беларусі, калі палац унеслі ў спіс культурна-гістарычнай каштоўнасці і прысвоілі першую ахоўную катэгорыю. Распрацавалі праект аднаўлення.

Летась здадзены першы пускавы комплекс. Некалькі залаў ужо прымаюць наведвальнікаў. Тут размясціўся музей. Сярод экспанатаў - прадметы, знойдзеныя падчас раскопак у час рэстаўрацыйных прац. Фрагменты кафляў з ўзорам і колерам, якія выдатна захаваліся, стануць стандартам для рэстаўратараў. Гэтак жа, як і арнамент чыгуннага ліцця.

Падчас будаўніцтва палаца ў 19 стагоддзі былі выкарыстаныя ўсе перадавыя ідэі і тэхналогіі таго часу. Кожнае больш чым з 150 памяшканняў не паўтаралася ў сваім інтэр'ерным афармленні. Над кожным з пакояў працаваў свой творчы калектыў. Сёння афармленне залаў палаца Пуслоўскіх можна ўбачыць толькі на макетах. Да рэальнага афармлення інтэр'ераў праектыроўшчыкі, рэстаўратары і музейшчыкі прыступяць толькі пасля завяршэння ўсіх аднаўленчых прац.

Макеты з праектнымі працамі адроджаных інтэр'ераў галоўных залаў палаца прадэманстраваныя ў мабільнай экспазыцыі. Таксама ў дзеючых апартаментах зробленыя фальш-каміны. Ва ўсіх памяшканнях комплексу ўжо ўстаўленыя вокны. Яны ўзноўленыя па ўзорах 19 стагоддзя. З захаваннем стылю, каларыстыкі, формы і фурнітуры. Для бяспекі наведвальнікаў часова закладзеныя праходы ў тыя памяшканні палаца, дзе яшчэ будуць праводзіцца аднаўленчыя працы. Зараз асноўныя сілы рэстаўратараў і будаўнікоў накіраваныя на інжынерныя камунікацыі. На гэтыя віды прац і выдаткаваныя сродкі з фонду Прэзідэнта Беларусі.

Уся сума пералічаная адразу. Ужо скарыстана каля 40%. Частка сродкаў накіраваная на набыццё матэрыялаў. Астатнія грошы будуць засвоеныя да лістапада. Акрамя таго, аднаўленне палаца ў Косаве здзяйсняецца і за кошт абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.