Другі фестывальны дзень у Віцебску

9 июля 2019

У фестывальны Віцебск працягваюць прыбываць госці "Славянскага базару". Акрэдытацыі ўжо атрымалі больш як 2 тысячы чалавек. У ліку першых і ўдзельнікі міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу. Беларусь сёлета прадстаўляе Ксенія Галецкая. Сёння, у другі конкурсны дзень, наша ўдзельніца выйшла на сцэну пад 19 нумарам з песняй BACK in the USSR з рэпертуара "Бітлз". І сёння ў Віцебску стартавала выставачная праграма. Прэзентацыі адбыліся адразу на некалькіх пляцоўках. А на галоўнай сцэне "Славянскага базару" - у Летнім амфітэатры - прайшоў першы канцэрт. Чым яшчэ запомніцца гэты фестывальны дзень - раскажа Марына Раманоўская.

Урачыстае адкрыццё "Славянскага базару" адбудзецца 11 ліпеня, але горад ужо жыве святам. У Віцебск працягваюць прыбываць удзельнікі і госці міжнароднага фестывалю, на вуліцах выраслі гандлёвыя рады і імправізаваныя майстэрні мастакоў. Настрой ствараюць і новыя арт-аб'екты побач з фестывальнымі пляцоўкамі. 

Аднымі з першых сэлфі ў фестывальным Віцебску зрабілі ўдзельнікі міжнароднага дзіцячага музычнага спаборніцтва. Сёння - другі конкурсны дзень. Наша Ксенія Галецкая выйшла на сцэну пад 19 нумарам. Гледачоў юная артыстка пакарыла песняй з рэпертуара "Бітлз". 

У Віцебск працягваюць прыбываць удзельнікі і госці з розных краін. Акрэдытацыі ўжо атрымалі больш як 2 тысячы чалавек. Гарантаваць бяспеку на фестывалі будуць праваахоўнікі не толькі паўночнага рэгіёна, але і іншых абласцей. 

"Славянскі базар"  - гэта і насычаная выставачная праграма. Сёння прэзентацыі адбыліся адразу на некалькіх пляцоўках. У мастацкім музеі гасцям "Славянскага базару" прадставілі арт-праект "Яднанне". Выстава мастацкага тэкстылю аб'яднала працы майстроў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы.

Камедыяй "Маленькая нядзельная прыгода" паводле аповеду Валянціна Катаева "Дзень адпачынку" стартавалі на "Славянскім базары" "Тэатральныя сустрэчы". Новы аўтарскі погляд прапанаваў маскоўскі тэатр "Эрмітаж". 

Менш як гадзіну таму на тэрыторыі культурна-спартыўнага комплексу Летняга амфітэатра адбылася цырымонія ўзняцця флага "Славянскага базару". 

Дарэчы, першы канцэрт на галоўнай сцэне фестывалю адбудзецца ўжо сёння. Ва ўверцюры да фестывалю заяўленыя выканаўцы з Беларусі, Расіі, Італіі, Францыі. А ўжо заўтра ў Летнім амфітэатры - першае сольнае шоу. З юбілейным канцэртам  у Віцебску чакаюць Стаса Міхайлава.