Другі дзень свята Купалле ў Александрыі

7 июля 2019

Другі дзень самага чароўнага свята - Купалле - у Александрыі. Кірмашы, канцэртныя пляцоўкі, горад майстроў, звыш кіламетра гандлёвых радоў. Сёння сярод афіцыйных падзей - ушаноўванне перадавікоў аграпрамысловага комплексу, а таксама канцэрт ансамбля "Сябры" і Анатоля Ярмоленкі.

Міжнародны фестываль у самым разгары. Самыя яркія моманты ў Андрэя Ястрабава. Прыехаць у Александрыю на маляўнічы бераг Дняпра і не сустрэць сяброў - такое немагчыма. Як дамоў, нібы акунуцца ў яркія моманты дзяцінства, збіраюцца з усяго свету на фестываль госці. Расія, Украіна, Эстонія, Польшча - геаграфія краін-удзельніц не мае межаў.

Але акунуцца ў свята менавіта ў Александрыі - асаблівая прымета. На ўвесь год хопіць энергіі. І што ні падворак - канцэртная пляцоўка. Тут жа вырастае карагод з гледачоў. Паўтара кіламетра - працягласць вуліцы майстроў. Ткацтва, кузні, ганчары. Не толькі на памяць, але і майстар-класы. Адчуць атмасферу аўтэнтычнасці, прымерыць нацыянальныя ўборы, а яшчэ даведацца сакрэты майстроў. Напрыклад, бондараў. Як зрабіць сіта або бочку.

Беларускіх прыгажунь у купальскіх вянках - такіх больш нідзе не сустрэнеш. Як і эксклюзіў - дагестанскіх майстроў. Гэтыя вырабы з пазалоты і срэбра - сапраўдныя творы мастацтва. Майстэрства ўнікальнае, перадаецца толькі з пакалення ў пакаленне. І цэлая вуліца рэканструкцый - ад кавання, пляцення рыцарскай кальчугі, войнаў часоў пачатку XIX стагоддзя да сапраўднай партызанскай паляны. Быццам экскурс у Вялікую Айчынную.

Прэзентацыя лепшых беларускіх фестываляў - бард-рыбалка, рыцарскі фэст. І, вядома, пачастункі для аматараў смачна і шмат паесці. Сапраўды, адпачынак для ўсёй сям'і. Свята Купалле ў Александрыі зноў апраўдала чаканні, нягледзячы на капрызы надвор'я, бо справа ў традыцыях і адпачынку для душы.

А яшчэ пазнавальныя экскурсійныя маршруты. У клас, у якім вучыўся беларускі Прэзідэнт, і да Трафімавай крыніцы з яе крыштальнай гаючай вадой. Дыпламаты больш чым двух дзясяткаў дзяржаў пабывалі і ў гэтым святым месцы. Па традыцыі, на самабытнае свята, якое стала сімвалам братэрскага сяброўства народаў Беларусі, Расіі і Украіны, прыязджае наш Прэзідэнт. Звяртаючыся да гасцей фестывалю, Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра тое, што нібы крывяноснай сістэмай злучае Днепр нас наймацнейшай сувяззю добрасуседства, даверу і адкрытасці. Фестываль стаў нацыянальным брэндам і таму, што на гэтай гасціннай зямлі асабліва праяўляецца феномен сілы прыцягнення малой радзімы і ўсходнеславянскай роднасці. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што перажывае асаблівыя пачуцці, калі бывае ў гэтых мясцінах.

Нацыянальнае шоу пад назвай "Зроблена ў Беларусі" - пра самыя дарагія і родныя мясціны для кожнага з нас - пра малую радзіму. Упадабаныя артысты - Леў Лешчанка, Ціна Караль. Александрыя працягвае збіраць сяброў. Сёння гасцей фестывалю чакае канцэрт ансамбля "Сябры" і Анатоля Ярмоленкі, кірмаш, цыркавы паказ і нацыянальныя падворкі. Свята працягваецца.