Другі дзень індывідуальных рэпетыцый удзельнікаў нацадбору на "Еўрабачанне-2020"

26 февраля 2020
Сапраўдная віхура музычных эмоцый  закруціць беларусаў у гэтую пятніцу. Нам трэба будзе выбраць, хто прадставіць нашу краіну на "Еўрабачанні". Сёння прайшла рэпетыцыя фінальнага шоу. Кандыдаты праганялі свае выступленні перад камерамі ў павільёне  "Беларусьфільма". Там, нагадаем, і адбудзецца выніковы гала-канцэрт. Што ўбачаць гледачы тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24",  раскажа Іна Пілевіч

Сотня чалавек на пляцоўцы, каб зрабіць двухгадзіннае шоу. Каманда Белтэлерадыёкампаніі з пятніцы вядзе падрыхтоўку да фіналу нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2020". У гэтым сезоне праект змяніў лакацыю. Замест знаёмай студыі медыяхолдынга  найбуйнейшы павільён "Беларусьфільма". А гэта 1000 квадратных метраў. Тут ужо ўсталяваны адразу дзве сцэны - вялікая і малая, LED-экраны і чатыры сотні асвятляльных прыбораў. Словам, усё неабходнае, каб артысты запальвалі ў прамым эфіры. 

Сёння ў кандыдатаў  другі дзень індывідуальных рэпетыцый. Пад кожны нумар выстаўляецца святло, наладжваецца відэакантэнт, рэгулюецца гук.

Першая спроба выступленняў на камеру. Здымачная тэхніка была ўсталявана ў павільёне напярэдадні. 

Сёння ў артыстаў і каманды была магчымасць праверыць, як нумары будуць выглядаць на экране. Удзельнікі могуць унесці карэкціроўкі ў раскадроўку нумара.

Тузін прэтэндэнтаў на музычную пуцёўку ў Ратэрдам у маі. У кожнага свая падача песні - аўтарская харэаграфія, дызайнерскія ўборы і складаныя дэкарацыі. Адзін з калектываў і зусім праспявае, рызыкуючы, - на подыуме вышынёй паўтара метра. 

Па прыкладзе міжнароднага конкурсу ў павільёне арганізавалі так званы delegation bubble, што літаральна значыць "бурбалка для дэлегацый". Гэта зона адпачынку для каманд удзельнікаў, дзе можна грыміравацца, распявацца, чакаць выхаду на сцэну і вынікаў галасавання.

Таксама ў дзень фіналу тут пачне працаваць грымёрка. Ужо заўтра ўсе гэтыя сталы запоўніць касметыка. Зараз удзельнікі рыхтуюцца да генеральнага прагону. Гэта рэпетыцыя, максімальна набліжаная да ўмоў трансляцыі,  без права на перапынкі і праўкі. Сам жа фінал намечаны на пятніцу. Пераможца праекта стане вядомы ў прамым эфіры апоўначы.