Уся калекцыя работ Івана Айвазоўскага ў Нацыянальным мастацкім музеі

21 мая 2018

Нацыянальны мастацкі музей працягвае здзіўляць.

Зараз той рэдкі выпадак, калі з уласных фондаў выстаўляюць усю калекцыю работ Івана Айвазоўскага - 13 аўтарскіх палотнаў. Аднак, як адзначаюць эксперты, шкада, што няма карціны, якая прысвечана беларускай сталіцы. Справа ў тым, што архіварыусы нядаўна выявілі дакументы, якія тычацца загадкавага пейзажа "Марскі краявід". Аказваецца, Айвазоўскі прысвяціў яго мінскай моладзі. Гісторыя палатна, якое змяняе ўяўленне аб біяграфіі мастака, аб жыцці Мінска канца XIX стагоддзя. Расследаванне Наталлі Бардзілоўскай.

1882 год. Адна з гасцініц Санкт-Пецярбурга. Звычайна сустракаючы ранак за кубачкам кавы і са свежай газетай, мастак Іван Айвазоўскі звярнуў увагу на невялічкі артыкул: маўляў, мінскія гімназісты не могуць аплаціць навучанне, таму таварыства дапамогі бедным звяртаецца з просьбай працягнуць руку юным талентам. У свой час знакаміты мастак сам вучыўся за спонсарскія грошы, таму шмат дапамагаў маладым. Вось і цяпер адгукнуўся.

За пару гадзін прама ў гасцінічным нумары майстар напісаў чарговую "марыну" - марскі пейзаж. Паралельна даслаў ліст у Мінск з прапановай прадаць гэты шэдэўр коштам 600 рублёў на аўкцыёне ці разыграць у латарэю. Выручаныя грошы - студэнтам! Ліст атрымаў Васіль фон Роткірх, начальнік жандармерыі Мінскай чыгункі, ён жа стваральнік мясцовага таварыства дапамогі бедным студэнтам. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі нам паказалі дакумент-сведчанне: крануты неабыякавасцю Айвазоўскага фон Роткірх увянчаў ганаровы таварыскі спіс імем жывапісца.

Ад аўкцыёну тады адмовіліся: Мінск напрыканцы XIX стагоддзя - правінцыя з насельніцтвам за 20 тысяч жыхароў. Аддаць адразу 600 рублёў - чалавека не знайшлося. Адважыліся на латарэю. Усё ў тым жа архіве захаваўся чарнавік распрацаванага латарэйнага білета, які каштаваў адзін рубель. Выпусцілі ж 750 адзінак. З дазволу тагачаснага губернатара Аляксандра Пятрова білеты разаслалі па ўсіх паветах Міншчыны да мясцовых дваран.

Вось губернатарскі дазвол ад студзеня 1883 года: "Атрымаць Васілю фон Роткірху грошы ў мінскім губернскім казначэйстве...". Але грошы свае жандарм-дабрачынец поўнасцю не вярнуў: латарэйны працэс расцягнуўся на год, была прададзеная менш чым палова білетаў. Фон Роткірх застаўся ў даўгах, а добрая задумка, падтрыманая Айвазоўскім, не здзейснілася. Сёння, калі на сусветных аўкцыёнах палотны Айвазоўскага ацэньваюць пад мільён долараў, дзіўна зразумець, чаму ў свой час заможныя людзі Міншчыны пашкадавалі рубель на латарэйны білет, тым самым страцілі магчымасць валодаць творам прызнанага класіка?!

Як склаўся лёс самой карціны - выратавальніцы навучэнцаў-мінчан? Яна ўсё ж была разыграна, але першы ўладальнік невядомы. У пачатку XX стагоддзя падчас польскай выставы ў Мінску палатно раптам з'явілася пад імем уладальніка "С.Цвід". Але хутка знікла. Была рэвалюцыя, войны. Дзе прысвечаны нам, мінчанам, пейзаж Айвазоўскага сёння? Якіх ён памераў, як выглядае... Загадка.