Упершыню ў Беларусі выстава пра дзіцячы свет шляхты

19 сентября 2020
Выстава на дзіцячую тэму адкрылася ў МІрскім замку. Упершыню ў Беларусі выстаўленыя прадметы - уласнасць калекцыянера. Аналагаў большасці з іх няма нават у дзяржаўных фондах. Алена Борматава распавядзе, з якімі цацкамі гуляў маленькі Пане Каханку і якое адзенне набывалі для сваіх дзяцей Сапегі і Вішнявецкія.

Звыш сотні артэфактаў, што раскрываюць дзіцячы свет Вялікага Княства Літоўскага. Калекцыя, якая збіралася на працягу 20 гадоў, пачалася з невялікай сярэбранай бразготкі. З такой жа гуляў маленькі прадстаўнік роду Радзівілаў - Пане Каханку. Безліч багата ўпрыгожаных чэпчыкаў вытворчасці Бельгіі. Але такія ж былі і ў беларускай шляхты. 

Ігар Сурмачэўскі, мастак, калекцыянер, рэстаўратар, гісторык: "Менавіта банетам, каптуркам, чэпчыкам адводзілася вялікая павага. Чаму? Таму што лічылася, што першыя 40 дзён раднічок немаўляці адчынены ў другі свет. Ён яшчэ моцна звязаны са светам, адкуль прыйшла душа немаўляці - з небам".

Народжаныя ў карунках. Хрышчоныя на шаблях

Калі маладая маці нараджала першынца, яна сама шыла банет са сваёй вясельнай сукенкі. Можна ўбачыць, якой якасці была вясельная сукенка каралевы Швецыі, якая шыла чэпчык сваёй дачцэ. Дарэчы, хлопчыкаў і дзяўчынак хрысцілі ў сукенках. Лічылася, што чым даўжэўшая сукенка, тым больш працяглым будзе жыццё. 

У беларускіх магнатаў была традыцыя хрышчэння хлопчыкаў на шаблях. Два хросныя бацькі перакрыжоўвалі зброю, на яе клалі слуцкі пояс як сімвал шляхты. А на пояс укладвалі немаўля. Такі сармацкі дух, бо лічылі, што з самага маленства хлопчык гатовы быць да абароны. А дзяўчаты - гэта пяшчота. Іх хрысцілі ў карунках.

Упершыню ў Беларусі выстава пра дзіцячы свет шляхты

Чэпчык з вясельнай сукенкі шведскай каралевы

Магнаты іх заказвалі з-за мяжы. Сёння ні ў адным музейным фондзе Беларусі няма еўрапейскіх карункаў XVIII стагоддзя. Але іх можна сустрэць на партрэтах тых жа Радзівілаў. Адзін з цэнтральных комплексаў выставы - набор для хрышчэння Сафіі Марыі Лавізы Фрэдэрыкі Альберціны - прынцэсы Гольштэйн-Готарпскай, дачкі шведскага караля Адольфа Фрэдэрыка. У свой час яна была партыяй для Станіслава Аўгуста Панятоўскага, але адмовіла яму. 

Ігар Сурмачэўскі, мастак, калекцыянер, рэстаўратар, гісторык: "Тут мы можам убачыць срэбраны пас, якім спавівалі шведскую прынцэсу-немаўлятку. Амаль такі ж пас знаходзіцца ў вільнюскім музеі,  амаль такія ж срэбраныя карункі ткаліся на нашых мануфактурах у Гродне".

Прыватныя калекцыя ў свабодным доступе

Яшчэ адна з традыцый шляхты - на нараджэнне дзіцяці дарылі абраз. Ён быў мерны - 54 сантыметры, сярэдні рост немаўляці. Як правіла, гэта была ікона Святога Усціліяна - абаронцы дзяцей.