Упершыню ў Беларусі джазавыя мелодыі дапаўняюць не спевакі, а танцоры

11 апреля 2018

Эксперыментальны праект беларускага джазмена і грузінскага харэографа ў Мінску прадстаўляюць прафесійныя музыканты і артысты балета. Як вынік – цікавае спалучэнне розных відаў мастацтва. Дзеянне, якое нараджаецца на вачах гледачоў, убачыла і Ларыса Гулякевіч.

Гіві Кбілашвілі - малады крэатыўны харэограф, родам з Тбілісі. У свае 23 аб'ездзіў з гастролямі паўсвету. Працаваў ў Вялікім тэатры Грузіі, у кітайскім Сіндзіяне, быў салістам танца ў такіх калектывах, як «Сухашвілі» і « Метэхі». У Мінск прыехаў паўтара года таму, стварыў свой тэатр руху і працуе над новымі эксперыментальнымі праектамі, дзе сумяшчае еўрапейскі танец з грузінскім каларытам.

Джаз праз танец! Такую мастацкую імправізацыю прапануюць прафесійныя музыканты і артысты балета. На класічныя і джазавыя творы зроблены аўтарскія аранжыроўкі. Вынік – цікавае спалучэнне розных відаў мастацтва, і гэта дзеянне нараджаецца на вашых вачах.

Новы праект дае старт новым імёнам. Імправізацыя як у музыцы і мастацкіх жанрах, так і ў самавыяўленні таленавітай моладзі.