Упершыню пасля рэстаўрацыі ў Мінску выстаўляецца карціна "Бура на Азоўскім моры"

8 июля 2017

Гэта самае вялікае палатно Івана Айвазоўскага з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Менавіта гэтая карціна стане галоўнай у вернісажы, які прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння знакамітага майстра пэндзля. Цікавасць да твораў Айвазоўскага не спадае і сёння. Яго карціны ацэньваюцца ў мільёны долараў.

Аб унікальнай калекцыі работ мастака ў Беларусі - Іна Пілевіч.

Год на аднаўленне шэдэўра памерам 2 на 3 метры. Найбуйнейшае палатно Івана Айвазоўскага з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея рэстаўравалі па міліметрах - хвалю за хваляй. "Бура на Азоўскім моры" трапіла ў рукі лекараў даўніны са шматлікімі стратамі каляровага пласту. Стары лак і ранейшыя рэстаўрацыйныя таніроўкі паўплывалі на змену агульнага колеру карціны.

Упершыню пасля рэстаўрацыі карціна паўстане перад публікай у новым багеце. За італьянскую драўляную раму спонсары аддалі 3 500 долараў. Саму карціну ацэньваюць ў мільёны. Айвазоўскі на аўкцыённых таргах адзін з самых дарагіх мастакоў. І гэта нягледзячы на тое што марыніст вызначаўся працавітасцю, пакінуў каля 6 000 твораў і не лічыцца рэдкім. Таму мастацкую каштоўнасць - палатно гіганцкіх памераў - сёння вывешвалі ў музейнай зале ажно ўпяцёх.

Карціна на аснове рэальных падзей. Палатно "Бура на Азоўскім моры ў красавіку 1886 года" прысвечана гібелі паруснага судна "Ястраб". З усяго экіпажа выратаваўся толькі адзін матрос па прозвішчы Ярэмчанка. Марак абвязаў сябе вакол мачты.

Для ўраджэнца Феадосіі мора стала жыццём. Хоць рэдка пісаў з натуры. Сваю ж калекцыю Івана Айвазоўскага наш Нацыянальны мастацкі пачаў збіраць адразу пасля вайны - у 45-м. Творы набывалі ў прыватных калекцыянераў Масквы і Пецярбурга. Усяго ў фондзе 13 жывапісных і 2 графічныя работы.

Ад залагоджанага да бушуючага мора – у экспазіцыі ёсць увесь такі розны стыхійны Айвазоўскі, як і яго ўлюблёны аб’ект. Самая ранняя карціна датуецца 1845 годам, а самая позняя была напісана за некалькі гадоў да смерці мастака. Кожны твор з імянным подпісам аўтара. У суседніх залах – вучні жывапісца. Габрыэла Касэсі і Леў Лагорыа таксама прысвяцілі сваё жыццё марыне.