Вайніловіч – мінскі Бісмарк

27 марта 2016

Сёння каталікі ўсяго свету адзначаюць Вялікдзень. Галоўнае хрысціянскае свята ўстаноўленае ў памяць аб Уваскрэсенні Хрыста. У гэты дзень біблейскія падзеі ўспамінаюць 1 400 000 беларусаў - а менавіта столькі каталікоў пражывае ў нашай краіне. І напярэдадні свята ім прыйшла светлая навіна з Ватыкана. 10 красавіка пачнецца працэс беатыфікацыі, або абрад прылічэння да ліку блажэнных Эдварда Вайніловіча. Наш суайчыннік увайшоў у гісторыю не толькі як палітычны і грамадскі дзеяч, але і як заснавальнік касцёла Сымона і Алены, вядомага больш як Чырвоны. Архітэктурная жамчужына сталіцы - святыня са складаным лёсам. Мабыць, толькі ў эпоху сучаснай Беларусі ў вернікаў ёсць магчымасць, як сёння, адкрыта і без боязі маліцца ў храме. Пра гістарычную падзею ў гісторыі беларускага хрысціянства і пра тое, што не распавядуць на экскурсіі, - рэпартаж Іны Пілевіч.

У савецкай кінахроніцы ён літаральна мільгае – з'яўляецца ў кадры толькі на некалькі секунд. Чырвоны касцёл на чорна-белай плёнцы – архіўны эксклюзіў. Нават трансляцыі ваенных парадаў і шэсцяў вяліся такім чынам, каб храма не было бачна. Культавы будынак зусім не ўпісваўся ў архітэктуру савецкага, а адпаведна, атэістычнага горада. Кажуць, што суседства з Домам урада не падабалася самому Машэраву, хацеў адправіць касцёл пад бульдозер...

Яшчэ да савецкага часу касцёл узвёў няшчасны бацька. Палітык і грамадскі дзеяч Эдвард Вайніловіч заклаў храм у памяць пра дзяцей. Сына Сымона і дачку Алену заўчасна забрала эпідэмія іспанкі. Іх імёны ўвекавечаныя ў назве касцёла. Хаця ад колеру цэглы ў народзе храм больш вядомы як Чырвоны. Дарэчы, гэта не адзіны культавы будынак, фундатарам якога выступіў Вайніловіч.

Мінскі Бісмарк – так Вайніловіча празваў сам Сталыпін. З кіраўніком расійскага ўрада нашага суайчынніка звязвала сяброўства і ў той жа момант саперніцтва. Дыскутавалі ў Дзяржаўным савеце Расійскай імперыі, дзе Вайніловіч абараняў інтарэсы беларускіх земляў. Сам цар запрашаў нашага рэфарматара на пасаду віцэ-міністра сельскай гаспадаркі.

Але заслугам пана Эдварда было наканавана абясцэніцца ў адзін момант. Падчас рэвалюцыі яго фамільнае гняздо было разрабавана. Вайніловіч быў вымушаны ўцячы ў Польшчу, дзе да канца жыцця ўтрымліваў прытулак для сірот. Касцёл чакалі не меншыя выпрабаванні: храмавыя каштоўнасці знішчылі. Савецкія ўлады аддалі будынак польскаму тэатру БССР, потым перабудавалі пад кінастудыю «Беларусьфільм».

Вярталі святыню галадоўкамі і пікетамі. У Чырвоным малітва загучала зноў у 90-я. А 10 гадоў таму намаганнямі прыхаджан прах Вайніловіча вярнуўся на радзіму і перапахаваны ля касцёла. Камісія з Ватыкана прызнала: беларускі шляхціч у пашане вернікаў не толькі Беларусі, але і іншых краін. Распачынаецца беатыфікацыя заснавальніка Чырвонага касцёла. Гэта працэс прылічэння нябожчыка да ліку блажэнных.

Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы: “Гэта вельмі доўгі працэс. Калі ён завяршыцца, ніхто не можа сказаць. Бо найперш трэба сабраць вельмі вялікую дакументацыю, калі ўсё будзе добра, трэба потым чакаць суду. Калі гэта адбудзецца, ведае адзін толькі Бог”.

Гісторыя ствараецца на вашых вачах. Упершыню свецкі беларус можа стаць блажэнным. Па гістарычных мерках - сучаснік. І ўпершыню ўсе даследчыя справы прадстаўнікі Ватыкана вядуць у нашай сталіцы.

Эдварду Вайніловічу цяпер можна маліцца. Тэкст афіцыйна зацверджаны і надрукаваны на абразках. Хутка вернікам будзе паказаны і вось гэты партрэт грамадскага дзеяча. Касцёл будзе фіксаваць усе незвычайныя здарэнні, якія адбыліся пасля малітвы да Вайніловіча. Ад колькасці цудаў і будзе залежыць вынік беатыфікацыі.

Карціну будуць выносіць на набажэнствы раз на месяц. І тут ужо справа за вернікамі – прызнаюць факт феномена пана Эдварда ці не. Калі беатыфікацыя пройдзе паспяхова, наступная ступень – святасці. І толькі тады можна спадзявацца, што на партрэце заснавальніка Чырвонага касцёла будзе дамаляваны німб. Свецкі вобраз становіцца святым лікам.