Падчас раскопак у Гродне знайшлі фігуру ладдзі 14 стагоддзя

24 октября 2017

Шахматная ладдзя праляжала ў зямлі амаль 6 стагоддзяў. У Гродне падчас раскопак на тэрыторыі музейнага комплексу Старога замка знайшлі фігуру ладдзі. Артэфакт ляжаў у культурным пласце 14 стагоддзя - як мяркуецца, гэта часы вялікага князя літоўскага Вітаўта. Фігура добра захавалася. Паводле папярэдняй інфармацыі, яна была зроблена з рога жывёлы.

Аляксандр Хацько, навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея: "Зачышчаў і выпала з-пад шуфліка. Спачатку бачыў яе з другога боку - падумаў, што гэта іншы цалкам прадмет, але калі ўжо падняў і ў руках ледзь пачысціў, зразумеў, што гэта шахматная фігура. Эйфарыя прыйшла хвіліны праз 2-3. Але гэта вялікая рэдкасць, бо іх знаходзяць вельмі мала. Прычым, яна амаль цэлая - на 90% захавалася".

Зараз гродзенская ладдзя перададзена на захоўванне і кансервацыю ў фонды Гродзенскага музея. Гэта другая за апошнія 86 гадоў такая знаходка - першую шахматную ладдзю знайшлі ў 1931 годзе, прыблізна, на гэтай жа тэрыторыі. Дарэчы, на месцы раскопак археолагі выявілі сярэдневяковы арбалетны болт, старажытныя цвікі, кераміку, а таксама манету 17 стагоддзя і спражку ад рамяня.