У Фрунзенскім раёне на Прытыцкага завершаны работы над двума мураламі

15 октября 2019

Карціны на сценах  на вуліцах Мінска. У Фрунзенскім раёне на Прытыцкага завершаны работы над двума мураламі. Вулічнае мастацтва набывае новыя памеры і сэнс. Яшчэ адзін мурал запрашае наведаць гарадскую бібліятэку. Ларыса Гулякевіч сустрэлася з ідэйнымі натхняльнікамі і мастакамі.

Аляксандра Пармон - малады мастак, якая атрымала адукацыю дызайнера спачатку ў Беларусі: ад мастацкага вучылішча Глебава  да Універсітэта культуры. Потым вучылася ў Санкт-Пецярбургу і Варшаве. Жывапіс стаў сэнсам яе жыцця, які яна ўвасабляе ў розных мастацкіх накірунках: ад карцін і інсталяцый - да муралаў на сценах дамоў.

Ідэю распісаць фасад гарадской бібліятэкі яна прапанавала сама. Жаданне аўтара супала з даўняй марай кіраўніцтва сталічнай бібліятэкі імя Багушэвіча - заахвоціць моладзь да чытання кніг. 

Мурал, памерам  25 квадратаў,  выкананы ў змешанай тэхніцы: аэразольнымі і акрылавымі фарбамі. На ўсю выяву спатрэбілася  больш за 30 літраў.

Прайшлі тыя часы, калі "вулічнае мастацтва" знішчала эстэтыку горада. Замест надпісаў на сценах пачалі з'яўляцца муралы - сапраўдныя карціны, якія не толькі ўпрыгожваюць фасады дамоў, але і нясуць філасофскі змест, а ў дадзеным выпадку - запрашаюць у бібліятэку.

Валянціна Коршыкава - бібліятэкар са стажам у 40 гадоў. Падкажа як сталаму, так і маладому чытачу  самыя цікавыя навінкі сучаснай і замежнай літаратуры. Душой - за кнігу і новыя магчымасці набыцця ведаў. 

У тандэме з Аляксандрай працаваў Кірыл Кулакоўскі. Ад эскіза да канчатковай выявы - мастакам спатрэбіўся месяц. 

Акрамя гэтага мурала, у мікрараёне Каменная Горка завяршаецца работа над цэлым трыпціхам графіці. Насценныя карціны ўпрыгожваюць таксама дамы па вуліцы Прытыцкага. Мясцовым жыхарам яны дораць выключна пазітыўныя эмоцыі.