Унукі і праўнукі Я. Коласа збіраюць унікальную інфармацыю пра знакамітага продка па ўсім свеце

13 августа 2018

62 гады без песняра беларускага народа. Якуб Колас пайшоў з жыцця ў 13 гадзін 20 хвілін панядзелка.

Сёння ў гэты ж час і ў тым жа месцы ў апошнім доме народнага паэта і заслужанага дзеяча навукі БССР адкрылася часовая экспазіцыя, прысвечаная апошнім гадам жыцця. Тут асабістыя лісты і замалёўкі. Нягледзячы на дрэннае самаадчуванне, у 55-м класік сучаснай беларускай літаратуры часта адпачываў на Нарачы, спяшаўся напісаць "Казкі жыцця" і натхняўся зносінамі з музай Аляксандрай Кетлер. Памяць пра Канстанціна Міхайлавіча захоўваюць нашчадкі.

Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа: "Калі я нарадзілася, то ён назваў мяне, я была першая дзяўчынка, унучка, назваў Марыяй у гонар сваёй любімай жонкі - Марыі Дзмітрыеўны. Памятаю, што ён быў такі заўсёды ці ўсмешлівы, ці задуменны, але ніколі не перашкаджалі яму працаваць. Але паколькі ён быў і дзіцячым пісьменнікам, шмат працаваў у школе, таму дзяцей і ўнукаў ён, безумоўна, любіў".

Міхаіл Міцкевіч, сын Якуба Коласа: "Ён быў досыць маўклівым. Многа працаваў у апошнія гады. Любіў, канешне, прыроду і мяне прывучыў да прыроды, да лесу. Гэта было. І я з ім у яго перадапошнюю паездку ездзіў у Балачанку. У шляпу збіраў баравікі, грыбоў было мала. Ён яшчэ пасля адзін раз туды паехаў і ўжо больш не змог".

Унукі і праўнукі Коласа пішуць артыкулы і збіраюць унікальную інфармацыю пра знакамітага продка па ўсім свеце. Памятныя дошкі ў гонар генія - у Неапалі, Ташкенце і Вільнюсе. У хуткім часе бюст Коласа ўсталююць і ў Кітаі. У памяць аб ім правялі экскурсію па любімых для паэта месцах Мінска. Прыхільнікі творчасці прачыталі вершы Коласа і ўсклалі кветкі да магілы песняра.