Уладзімір Цэслер падрыхтаваў персанальную выставу ў мінскай "Галерэі ДК"

11 апреля 2018

Ён намаляваў Беларусь дранікам, змяніў адбітак пратэктара шын пад беларускі арнамент, а Раўбічы афарбаваў у колер джынсаў. Знакаміты на ўвесь свет мастак і дызайнер Уладзімір Цэслер упершыню за доўгі час падрыхтаваў персанальную выставу. Пляцоўкай стала мінская "Галерэя ДК". З правакатарам ад мастацтва сустрэлася Ніна Мажэйка.

Цэслер з вялікай літары Ц. Гэтая літара адна з самых складаных для малюнка. Адзін з яго напрамкаў - работа са шрыфтам. Дызайнерская, філігранная. Ён бачыць скрозь, улоўлівае сутнасць. Вось ужо класічны Давыд ператвараецца ў Рональда МакДональда. Амаль эпіграма ад Цэслера на тэму дваістых стандартаў. А вось пачак біткоінаў - з паветра.

Яго творчасць непарыўна звязана са згадваннем брэндаў. Ён спрытна жанглюе паняццямі і фармулёўкамі.

Музыка па венах - гэта таксама пра Цэслера. Брутальны рокер. Нездарма цэнтральны экспанат - матацыкл, распісаны пад гжэль.

Прыехаў у Мінск са Слуцка пасля арміі, пяць разоў штурмаваў цяперашнюю Акадэмію мастацтваў. Адгадаваў доўгія валасы і стаў нефармалам. У 70-х Цэслер апынуўся ў кампаніі спевака прагрэсіўнага рока Чэслава Немена. А сёння лепшым сябрам называе вынаходніка "Машыны часу" Андрэя Макарэвіча.

У Доме масонаў (цяперашнім Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры) жыў 3 гады. "Галерэя ДК" па суседстве. Дарэчы, менавіта Цэслер стаў першым дызайнерам, чый экспанат паказалі публіцы ў дзень адкрыцця выставачнай пляцоўкі 4 гады таму. Ён жа распрацаваў і лагатып.

У партфоліа дызайнера і лагатып Белтэлерадыёкампаніі - знакамітая абрэвіятура БТ. Буйныя кампаніі, гандлёвыя цэнтры, фэсты і конкурсы становяцца вядомымі з яго лёгкай рукі. Постары і арт-аб'екты знаходзяцца ў музеі на вуліцы Рывалі ў Парыжы. Гэта той самы, які называецца Луўрам. Але размова не пра яго, а пра музей рэкламы ў Парыжы. А яшчэ ў Рускім і Пушкінскім. Лёгкасць успрымання і непераборлівасць увасаблення. Усё геніяльнае па-цэслераўску проста.