Владимир Ильич Ленин стал символом советской эпохи

7 ноября 2017

Яшчэ адна рыска да сённяшняй гістарычнай даты, якая змяніла ход падзей ХХ стагоддзя і назаўжды падзяліла свет на да і пасля. Галоўны вобраз Чырвонай рэвалюцыі - Уладзімір Ільіч Ленін - правадыр сусветнага пралетарыяту стаў сімвалам савецкай эпохі. І нёс за сабою цэлы шлейф не толькі эстэтычных функцый.

У твар рэвалюцыі 100-гадовай даўніны зазірнула Ніна Мажэйка. Касцюм-тройка, гальштук у гарошак і погляд, накіраваны ў будучыню. Вобраз правадыра сусветнага пралетарыяту па сённяшніх мерках можна назваць "модай" савецкага мінулага.

Ён і сам быў моднікам. З тканін аддаваў перавагу швейцарскаму люстрыну, з гэтай тканіны яму дагэтуль шыюць маўзалейныя касцюмы.

Музей эпохі - майстэрня хрэстаматыйнага Азгура - захоўвае з тузін розных увасабленняў Ільіча. Ён тут паўсюль. Вось Ленін у поўны рост, вось мініяцюрная копія, тут ён падпірае стэлаж, а вунь там выглядае з-за вугла.

Па Леніну ў кожны раённы цэнтр. Новая дзяржава стварала новыя ідэалы. Гэтакі супергерой Ільіч. Яго пісалі, ляпілі… Тое, што сёння шматлікія назвалі б "хайпам", у той час было звычайнай справай для мастака - абавязковая праграма. Толькі такі дзяржзаказ атрымліваў не кожны. Стваральнікам ленінскага канону лічыцца мастак Мікалай Андрэеў. Яму правадыр пралетарыяту пазіраваў асабіста.

Таму андрэеўскія партрэты Ільіча лічыліся эталонам - тыражыраваліся. Кожны мастак або скульптар быў проста абавязаны кіравацца першакрыніцай. Інакш работу не прымалі. Адгэтуль узнікае адчуванне, што помнікі Леніну зробленыя, быццам па лякалу. Не змянялася і мадэль чаравікаў. З'явіўся нават выраз: "Просты, як ленінскі чаравік".

І ўсё ж першы Ленін з'явіўся не ў Маскве. У гарадскім пасёлку Краснаполле ў 1922 годзе. Скульптар Аляксандр Грубэ зрабіў Леніна драўляным.

Зараз на тым жа месцы бронзавая скульптура. А вось вядомы мінчанам Ленін на трыбуне з плошчы Незалежнасці. У мініяцюры. Аўтар - Мацвей Генрыхавіч Манізер.

Фондавыя экзэмпляры, датаваныя 1917-ым, у Беларусі - рэдкасць. Даваенная калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея амаль цалкам страчаная. Для афармлення канцэпцыі выкарысталі дзясяткі метраў кумачовай тканіны - перазагрузка для Леніна ў экспазіцыйных залах. 95 працэнтаў экспанатаў былі набытыя музеем у розныя гады пасля юбілейных выстаў.

Ленін як з'ява ў мастацтве: за пісьмовым сталом, кнігай і нават з лапатай - у лепшых традыцыях ленініяны. Мастакі Волкаў, Шыбнёў, Стэльмашонак… Такім Ільіча памятаюць па савецкіх падручніках. А вось што будзе ў нашых, залежыць ад нас.