"Вітаўт" заваяваў літоўскага гледача

29 января 2018

Учора ўвечар Вялікі тэатр Беларусі з поспехам прэзентаваў візітную картку нашага нацыянальнага балета ў Вільнюсе на "Сіменс- Арэне". На гэтай пляцоўцы ўжо збіралі залу сусветныя зоркі: "Металіка", "Дэпеш Мод", "Дып Пёрпл", "Лінкін Парк" і іншыя. Часцей там праводзяць спартыўныя спаборніцтвы. Падышла пляцоўка і для акадэмічнага мастацтва. Аб прэм'еры "Вітаўта" ў сэрцы Літвы - сюжэт Вольгі Мядзведзь.

На самай маштабнай пляцоўцы Літвы беларускі балет выклікаў сапраўдны фурор. Нестандартную лакацыю для гастроляў акадэмічнага танцавальнага мастацтва выбралі па двух крытэрыях: толькі ў «Сіменс-Арэне» плошчы дазваляюць змясціць сцэну, памерам набліжаную да Вялікага тэатра, і тут найбольшая колькасць месцаў для аматараў балета. Дарэчы, максімальны кошт квіткоў на харэаграфічную легенду з Беларусі дасягаў шасцідзесяці еўра.

Менавіта іх разабралі ў першую чаргу, самымі незапатрабаванымі ў літоўцаў апынуліся танныя месцы. Спецыяльна пад “Вітаўта” спартыўную арэну перарабілі пад амфітэатр.

У Вільнюс балетная трупа Вялікага прыехала за дзень да выступлення і з колаў адразу на тэхнічны прагон. Каб прыручыць новыя падмосткі да самога спектаклю, у артыстаў было ўсяго дзве рэпетыцыі.

Асобна ад дэлегацыі ў паўсотні чалавек ехала тэхнічная група і фургон з дэкарацыямі. Мастацкага афармлення, дарэчы, прывезлі некалькі тон, толькі цэнтральны фрагмент спектакля “Вітаўт” - галава зубра - важыць больш за два цэнтнеры. З сабой у Вільнюс у спецыяльных боксах тэатр прывёз дзве сотні касцюмаў і каля чатырох дзясяткаў галаўных убораў. Падрыхтоўваць уборы да спектаклю спецыялісты пачалі адразу пасля прыезду. І калі дэкарацыі прыйшлося адаптаваць пад гастрольную пляцоўку, то адзенне трупы засталося нязменным, як дома.

Гісторыю пра барацьбу за ўладу стрыечных братоў - Вітаўта і Ягайлы - раскупілі паўтары тысячы гледачоў. Гастролі - справа не аднаго дня. Перамовы аб прыездзе “Вітаўта” ішлі каля двух гадоў. Ажыятаж гледачоў падагрэла і мноства намоў з таго боку, нібыта мінская культурная эліта замахваецца на літоўскую гісторыю, хоць падзеі ў спектаклі апісваюць нашае агульнае мінулае ў складзе ВКЛ.

Гэта толькі другі гастрольны выезд харэаграфічнай легенды пра самыя яркія падзеі ВКЛ, раней “Вітаўта” паказвалі толькі ў Вялікім тэатры Расіі. У Вільнюсе балет паводле п'есы Аляксея Дударава на музыку Вячаслава Кузняцова прынялі з поспехам. Пад бурныя авацыі залы артысты не аднойчы выходзілі на трыумфальны паклон.

На гэтым гастрольны марафон балетнай трупы Вялікага не сканчаецца. Літаральна праз тыдзень артысты адправяцца за акіян. У Мексіцы тэатр дасць некалькі дзясяткаў "Лебядзінага возера".