Віцебск прымае гасцей "Славянскага базара"

10 июля 2017

Сёлета чакаецца каля пяці тысяч турыстаў. Першы сольны канцэрт на сцэне Летняга амфітэатра пройдзе сёння ўвечар. Перад шматтысячнай публікай у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра выступіць Зара. Падрабязней - Марына Раманоўская.

Афіцыйнае адкрыццё міжнароднага форуму мастацтваў адбудзецца трынаццатага ліпеня. Але фестывальны настрой ужо ахапіў Віцебск. У абласны цэнтр прыехалі сотні гасцей і ўдзельнікаў міжнароднага форуму. Ёсць прымета: калі на вуліцах Віцебска з раніцы шматлюдна, значыць, "Славянскі базар" пачаўся.

І сёння на галоўнай сцэне фестывалю пройдзе першы канцэрт. У суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра выступіць спявачка Зара. Таксама са сваімі сольнікамі на фестываль прыедуць Валерый Меладзэ, Рыгор Лепс, Стас Міхайлаў, група "Сплін". Усяго ў праграме свята - каля ста трыццаці мерапрыемстваў. Упершыню ў горадзе адбудзецца пікнік пад адкрытым небам.

Не заблукаць у святочным Віцебску і выбраць забаўкі даспадобы гасцям фестывалю дапамогуць студэнты-валанцёры. Падчас форуму мастацтваў у горадзе будуць працаваць спецыяльныя інфармацыйныя цэнтры. Дарэчы, прадугледжаныя і бясплатныя экскурсіі па горадзе.

У фестывальны Віцебск прыехалі і ўдзельнікі дзіцячага музычнага конкурсу. Нашу краіну прадставіць Марыя Магільная. Пад якім нумарам выступіць юная ўдзельніца, стане вядома сёння. Жараб'ёўка адбудзецца ўвечар.

Першы конкурсны дзень адбудзецца заўтра ў канцэртнай зале "Віцебск". Сёлета журы ўзначаліць заслужаная артыстка Расіі спявачка Варвара.